23 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла іматрыкуляцыя, аблучыны і інаўгурацыя новага навучальнага года. Сёлета два юнакі пераступілі парог семінарыі, каб праз навуку і малітву далучыцца да грона тых, хто нясе людзям супакой і дабро ў імя Езуса Хрыста.
Урачыстая інаўгурацыя распачалася традыцыйным спевам у гонар Маці Божай і прывітальным словам кс. рэктара Рамана Рачко.
Святую Імшу ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас супольнай Эўхарыстыі семінарысты Павел Седлярэвіч, Уладзіслаў Малышко і Дзмітрый Дубай урачыста апранулі духоўнае адзенне, якое будзе сведчыць пра іх жаданне верна наследаваць Хрыста ў штодзённым жыцці.
Гэты дзень стаў выключным яшчэ для дваіх членаў семінарыйнай супольнасці — навучэнцы 5-га курса Дзмітрый Малец і Уладзіслаў Мацулевіч прынялі паслугу акалітату.