У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пачала сваю працу выстаўка графічных малюнкаў Напалеона Орды. Упершыню беларускія гледачы маюць магчымасць пабачыць такую вялікую колькасць арыгінальных твораў мастака — 110 графічных аркушаў.
У Мінск акварэлі Орды прыбылі з Нацыянальнага музея ў Кракаве, які з’яўляецца найбольшым рэпрэзентатыўным зборам прац мастака і налічвае 1037 малюнкаў. Большую частку гэтай калекцыі — 977 аркушаў — кракаўскі музей атрымаў у 1886 годзе ў дар ад Канстанцыі Скірмунт, траюраднай пляменніцы Орды.
Сімвалічна, што якраз сёлета адзначаецца 210-я гадавіна з дня нараджэння мастака. Паводле слоў міністра культуры і народнай спадчыны Польшчы Пятра Гліньскага, прывітальнае слова якога было зачытана падчас адкрыцця экспазіцыі, выстаўка прац Орды ў Беларусі — першая такая вялікая выстаўка твораў мастака па-за межамі Польшчы.
Асаблівую цікавасць выстаўка Напалеона Орды ўяўляе для беларускіх католікаў, таму што большасць прадстаўленых на экспазіцыі графічных малюнкаў паказваюць, як у пачатку XIX ст. выглядалі помнікі сакральнай архітэктуры Беларусі — касцёлы і кляштары.
У склад экспазіцыі ўвайшлі пераважна малюнкі з Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Віленскай папак Напалеона Орды. Многія з гэтых акварэляў былі літаграфаваны ў вялікім графічным праекце «Альбом гістарычных відаў Польшчы, прысвечаны суайчыннікам», які Напалеон Орда выдаваў на ўласныя сродкі з 1873 па 1883 гг.
Выстаўка будзе працаваць па 3 снежня 2017 года. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Пасольства Польшчы ў Мінску.