27 верасня – 1 кастрычніка ў Мінску пройдзе пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) — найбольш уплывовай касцёльнай арганізацыі ў Еўропе.
Беларусь упершыню стане гаспадыняй пасяджэння РКБЕ. Асамблея будзе прысвечана пытанням моладзі і Еўропы як супольнага дома. Удзел у форуме, які пройдзе ў мінскім гасцінічным комплексе «Вікторыя-Алімп», прымуць кіраўнікі і прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з 45 краін.
Касцёл у Беларусі на форуме прадставіць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У межах асамблеі прадугледжана сустрэча іерархаў з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, наведванне некаторых парафій Мінска, а таксама сустрэча з мясцовымі вернікамі.
Вынікам пленарнага пасяджэння стане заключны дакумент, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Рыме ў жніўні 2018 г.
Даведка
Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы бяре свой пачатак з 1965 года, калі падчас сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцяў для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся 23-24 сакавіка 1971 года.