3 верасня ў Магілёве прайшло першае экуменічнае чытанне Бібліі. Акцыя прымеркавана да 500-годдзя выдання Святога Пісання на беларускай мове.
На першай сустрэчы сабралася каля 150 чалавек — католікі, пастар рэлігійнай евангельска-лютаранскай грамады Магілёва Іван Масюра разам з вернікамі, а таксама праваслаўныя. Чытанні ўзначаліў ініцыятар акцыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.
Пачалася сустрэча з уступнай прамовы іерарха. Біскуп падкрэсліў, што Францішак Скарына перш за ўсё клапаціўся пра тое, каб перадаць людзям Божае слова на зразумелай роднай мове, каб, як казаў першадрукар, «людзі ежу для душы і цела атрымалі».
Сваімі ўражаннямі пра «Магілёўскія чытанні Бібліі» падзялілася верніца катэдральнай парафіі ў Магілёве Яна Шумская: «Я не чакала, што збярэцца поўная зала. Было прыемна бачыць, што на сустрэчу прыйшлі не толькі “свае”, католікі, але і людзі, якіх я бачыла ўпершыню. Сабраліся хрысціяне самага рознага ўзросту — ад маладога пакалення да людзей сталага ўзросту. Калі глядзела на сабраных, мне хацелася, каб Езус прамовіў да кожнага. Уразіла, што сваімі думкамі вырашылі падзяліцца і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Адчуваўся дух адзінства. Людзі, якія ўпершыню бачылі адно аднаго, адважна дзяліліся Божым словам. Так, адна дзяўчына, узгадваючы гісторыю са Святога Пісання пра хворага, якога прынеслі сябры і разабралі страху, каб той трапіў да Езуса, выказала вялікае здзіўленне і захапленне такім прыкладам сяброўства».
Яна Шумская, спасылаючыся на тэкст пра выпрабаванне Езуса ў пустыні, падзялілася сваімі думкамі пра выбар чалавека ў цяжкія хвіліны яго жыцця, калі прыходзяць спакусы і выпрабаванні: «Калі ў чалавека нічога не атрымліваецца, да яго можа прыйсці думка пра сваю нявартасць. Але так намаўляе злы дух, ён выпрабоўвае і стараецца запэўніць нас у нашай нікчэмнасці, што чалавек — непатрэбная дэталь у гэтым свеце. Аднак тое, што Езус не паддаўся выпрабаванням злога, дае і мне надзею, што не зламаюся».
Верніца катэдральнай парафіі ў Магілёве Яна Козыр, дзелячыся ўражаннямі, назвала сябе «па прыродзе экуменістам, які марыць, каб людзі пачулі заклік да адзінства і аднойчы зразумелі, што толькі разам мы моц і што Бог адзін — любячы, жывы і міласэрны». «Першая сустрэча мяне вельмі натхніла. Я ўбачыла, што гэта магчыма: быць разам і супольна дзяліцца Божым словам, разважаць над ім», — дадала Яна Козыр.
У межах экуменічных «Магілёўскіх чытанняў Бібліі» чакаюцца яшчэ тры сустрэчы — 10, 17 і 24 верасня.
Праходзяць сустрэчы, на якія запрашаюцца ўсе хрысціяне горада, з 19.45 да 20.45 у зале Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па вул. Камсамольская, 12.