3 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася святая Імша на распачацце новага навучальнага года ў школе. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
“Пастаянна ўдасканальвацца” - да гэтага іерарх заклікаў школьнікаў у гаміліі. “Сёння Касцёл моліцца ў вашых інтэнцыях, каб вы, як кажа Святое Пісанне, узрасталі не толькі ў гадах і мудрасці, але таксама і ў Божай ласцы”, - адзначыў Мітрапаліт.
“Ніхто не кажа, што вучыцца лёгка, і для многіх гэта сапраўдны крыж. Аб ім кажа Езус у сённяшнім Евангеллі. Ён падкрэслівае, што хто хоча ісці за Ім, то павінен узяць свой крыж і наследаваць Яго. Таму на пачатку новага навучальнага года на цяжар вучэння трэба глядзець як на спосаб следаваць за Хрыстом”, - звярнуў увагу іерарх.
“З першага дня новага навучальнага года неабходна памятаць аб тым, што (…) да вас, дарагія дзеці, пасылаецца настаўнік ці настаўніца, якія з усіх сіл будуць старацца паглыбіць вашыя веды, - сказаў арцыбіскуп. - Пасылаюцца таксама і кахэхеты, каб вучыць вас праўдам веры, каб служыць вам з мэтай памнажаць веру – гэты самы каштоўны талант, якія вы атрымалі ад Бога”.
“Вашыя бацькі і блізкія, Касцёл і Радзіма з надзеяй глядзяць на вас і хочуць бачыць у вас будучых прэзідэнтаў, міністраў, інжынераў, урачоў, настаўнікаў і г.д., якія высокапрафесійна і кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі будуць служыць людзям.
Уважліва ўспрымайце ўсё тое, чаму вас будуць вучыць настаўнікі і катэхізатары, належным чынам выкарыстайце час, які перад вамі, каб удасканальвацца ў ведах і веры. Няхай у гэтым благаславіць вам Бог”, - пажадаў дзецям Мітрапаліт.