«Дзякуючы Божаму аб’яўленню мы разам з апосталам Пятром кажам, што Езус Хрыстус – Сын Божы і наш Збаўца. Да гэтай праўды нас вядзе Касцёл, бачнай галавой якога з’яўляецца Папа», - нагадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы 27 жніўня. Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.
Разважаючы ў гаміліі над чытаннем Евангелля на ХХІ Звычайную нядзелю, Мітрапаліт адзначыў: «Езус хацеў ведаць, за каго Яго прымаюць людзі. І таму задаў такое пытанне апосталам. Яны адказалі, што для некаторых Ён – гэта Ян Хрысціцель. Для іншых – Ілля. А яшчэ для іншых – Ерамія або адзін з прарокаў. І толькі Пётр прызнаў у Ім Сына Божага, чаканага Месію, як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі. Тады Езус устанавіў Пятра першым Папам. Езус назваў яго скалой, на якой Ён будзе будаваць свой Касцёл і брамы пякельныя яго не перамогуць. Езус таксама паабяцаў Пятру даць ключы Божага Валадарства. Гэта быў сюрпрыз, якога ніхто не чакаў. Таксама як і выбар Папы найчасцей з’яўляецца сюрпрызам».
«Пасля свайго Уваскрасення Ён ажно тры разы пытаецца ў Пятра, ці той Яго любіць. Атрымаўшы станоўчы адказ, Ён кажа яму пасвіць Яго авечак, кажа таксама ўмацоўваць братоў у веры.
Гэта і ёсць роля Папы. Як бацька ў сям’і вучыць сваіх дзяцей і папраўляе, калі яны ідуць няправільным жыццёвым шляхам, таксама і Папа, з’яўляючыся гарантам чысціні веры і еднасці Касцёла, вядзе нас дарогай праўды», - звярнуў увагу арцыбіскуп.
Мітрапаліт падкрэсліў: «Праўда – гэта тое, што ніколі не змяняецца. Гэтай праўдай з’яўляецца заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. (…) Папа вучыць нас жыць праўдай і дапамагае нам, каб мы не сышлі з дарогі праўды».
«Многія людзі вядомы ў свеце сваёй дзейнасцю. Аб іх пішуць кнігі. Іх узнагароджваюць медалямі. Аднак з гадамі свет пра іх забываецца, аб іх больш не пішуць і іх не ўспамінаюць. З Езусам адбылося інакш. Яго Пётр назваў Сынам Божым і Месіяй. І хаця Ён быў укрыжаваны, памёр і быў пахаваны, тым не менш Ён застаецца ў гісторыі чалавецтва найбольш вядомай асобай. Застаецца, бо Ён Сын Божы, які перамог смерць і ўваскрос. Ён (…) быў аўтсайдарам, але стаў сусветным лідарам», - заўважыў іерарх.
«Аўтсайдарам у вачах людзей быў таксама і Пётр, якога Езус назваў чалавекам слабой веры. Аднак ён стаў вікарыем Хрыста на зямлі і ён жыве ў сваіх пераемніках Рымскіх Папах. Сам умацаваны Езусам, ён умацоўвае нас у веры», - дадаў арцыбіскуп.
Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў удзельнікаў Імшы, разважаючы над гэтымі словамі Пятра, які першы вызнаў веру ў Езуса як Сына Божага, таксама маліцца ў інтэнцыі папы Францішка, як Пятра нашага часу, «каб ён нас натхняў ва ўсіх абставінах нашага жыцця вызнаваць веру ў Езуса – адзінага Збаўцу».