Пошук

27.08.2017 21:35   Catholic.by

Мінскі касцёл свв. Сымона і Алены, 27 жніўня 2017 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Старэйшыя людзі памятаюць нечаканае для ўсяго свету абранне ў далёкім 1978 г. кракаўскага кардынала Караля Вайтылы Папам, які ўзяў сабе імя Ян Павел II. Гэта быў самы вялікі сюрпрыз таго часу, бо цягам чатырох стагоддзяў Папам выбіраўся італьянец і ніхто сабе нават не мог уявіць, што традыцыя можа быць змененай.

Але яна змянілася так, што з’яўляецца новая. Наступнікам Яна Паўла ІІ стаў не італьянец, а немец кардынал Ёзэф Ратцынгер – папа Бэнэдыкт XVI. Наступны сюрпрыз Святога Духа быў яшчэ большы, бо Пантыфікам быў абраны аргенцінскі кардынал Хорхе Берголіо, якога мы ведаем як папу Францішка.

2. Гісторыя любіць пасмяяцца, і кожны дзень прыносіць усё новыя сюрпрызы.

Як медыя звычайна памыляюцца, называючы кандыдата ў Папы, то падобнае адбылося і з Езусам. Ён бачыў, што за Ім ішлі масы людзей, яны Яго ўсхвалялі, нават хацелі аб’явіць каралём. І зразумела, што Ён хацеў ведаць, за каго Яго прымаюць людзі. І таму задаў такое пытанне апосталам. Яны адказалі, што для некаторых Ён – гэта Ян Хрысціцель. Для іншых – Ілля. А яшчэ для іншых – Ерамія або адзін з прарокаў. І толькі Пётр прызнаў у Ім Сына Божага, чаканага Месію, як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі. Тады Езус устанавіў Пятра першым Папам. Езус назваў яго скалой, на якой Ён будзе будаваць свой Касцёл і брамы пякельныя яго не перамогуць. Езус таксама паабяцаў Пятру даць ключы Божага Валадарства. Гэта быў сюрпрыз, якога ніхто не чакаў. Таксама як і выбар Папы найчасцей з’яўляецца сюрпрызам.

3. Калі б у той час былі сучасныя медыя, то наўрад ці яны прадказалі б, што Пётр стане першым Папам. Езус назваў яго чалавекам слабой веры, калі той, ідучы па моры, сканцэнтраваў свой позірк не на Ім, а на ўзбураных хвалях. Езус назваў яго д’яблам, калі ён супярэчыў таму, што Яму трэба будзе цярпець і Ён будзе ўкрыжаваны. Пётр таксама ажно тры разы адрокся ад Езуса пасля Яго арышту.

Ці такі чалавек можа быць кандыдатам на месца Вікарыя Хрыста на зямлі? Цяжка сабе ўявіць. Аднак Езус паступае інакш. Пасля свайго Уваскрасення Ён ажно тры разы пытаецца ў Пятра, ці той Яго любіць. Атрымаўшы станоўчы адказ, Ён кажа яму пасвіць Яго авечак, кажа таксама ўмацоўваць братоў у веры.

Гэта і ёсць роля Папы. Як бацька ў сям’і вучыць сваіх дзяцей і папраўляе, калі яны ідуць няправільным жыццёвым шляхам, таксама і Папа, з’яўляючыся гарантам чысціні веры і еднасці Касцёла, вядзе нас дарогай праўды.

Пытанне аб праўдзе не новае. Ужо Пілат пытаўся ў Езуса, што такое праўда. Праўда – гэта тое, што ніколі не змяняецца. Гэтай праўдай з’яўляецца заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Вядома, што ў свеце існуе праўда і ілжывасць. Папа вучыць нас жыць праўдай і дапамагае нам, каб мы не сышлі з дарогі праўды.

4. У часы Езуса некаторыя людзі адхіляліся ад праўды, бо думалі, што Езус – гэта Ян Хрысціцель, Ілля, Ерамія ці нехта іншы з прарокаў. Аднак Пётр, які атрымаў аб’яўленне ад Бога, назваў Езуса Месіяй, Сынам Божым. Наша вера – гэта не справа меркавання людзей, але вера ў тое, што аб’явіў Бог.

Без Божага аб’яўлення чалавек і далей называў бы Езуса Янам Хрысціцелем, Іллёй, Ераміяй ці адным з прарокаў. Але дзякуючы Божаму аб’яўленню мы разам з Пятром кажам, што Ён – Сын Божы і наш Збаўца. Да гэтай праўды нас вядзе Касцёл, бачнай галавой якога з’яўляецца Папа.

5. Ёсць вельмі прыгожы аповед пра адраджэнне сучасных алімпійскіх гульняў. У 1896 г. у Грэцыі пасля пятнаццаці стагоддзяў адбыліся першыя сучасныя алімпійскія гульні. Можам сабе толькі ўявіць, як грэкі ганарыліся гэтым, бо, нарадзіўшыяся ў Грэцыі, алімпійскія гульні, якія, здавалася, памерлі, тым не менш ажылі. З іншага боку, падчас алімпіяды з дня на дзень грэкі сумавалі ўсё больш і больш, бо каманда Грэцыі ніяк не магла заваяваць алімпійскага медаля.

І вось настаў апошні дзень алімпіяды, калі праводзілася спаборніцтва ў марафоне. Грэцыю прадстаўляў нікому не вядомы спартсмен, які на самой справе быў пастухом авечак і якога не трэніраваў спецыяліст у марафоне. Ён трэніраваўся сам, бегаючы па гарах Грэцыі.

На пачатку ён бег апошнім, але потым пачаў перабірацца наперад. Падчас цяжкага шляху марафону адзін за адным сыходзілі з дыстанцыі знакамітыя спартсмены, а грэк бег і бег. На стадыён першым прыбег грэчаскі спартсмен, які і стаў алімпійскім чэмпіёнам.

6. У гэтай гісторыі прапісваецца гісторыя чалавецтва. Многія людзі вядомы ў свеце сваёй дзейнасцю. Аб іх пішуць кнігі. Іх узнагароджваюць медалямі. Аднак з гадамі свет пра іх забываецца, аб іх больш не пішуць і іх не ўспамінаюць.

З Езусам адбылося інакш. Яго Пётр назваў Сынам Божым і Месіяй. І хаця Ён быў укрыжаваны, памёр і быў пахаваны, тым не менш Ён застаецца ў гісторыі чалавецтва найбольш вядомай асобай. Застаецца, бо Ён Сын Божы, які перамог смерць і ўваскрос. Ён, падобна да таго грэчаскага марафонца, у вачах яўрэяў і рымлян быў аўтсайдарам, але стаў сусветным лідарам.

Аўтсайдарам у вачах людзей быў таксама і Пётр, якога Езус назваў чалавекам слабой веры. Аднак ён стаў вікарыем Хрыста на зямлі і ён жыве ў сваіх пераемніках Рымскіх Папах. Сам умацаваны Езусам, ён умацоўвае нас у веры.

Таму сёння, услухоўваючыся ў словы Пятра, які першы вызнаў веру ў Езуса як Сына Божага і доўгачаканага Месію, памолімся ў інтэнцыі папы Францішка, як Пятра нашага часу, каб ён нас натхняў ва ўсіх абставінах нашага жыцця вызнаваць веру ў Езуса – адзінага Збаўцу – і казаць: “Пане, да каго мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця”. Амэн.

Абноўлена 13.10.2017 16:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця