Пошук

10.08.2017 12:55   catholicnews.by / Catholic.by

Адкрыццё трохдзённай парафіяды «Святыня — тэатр — спорт» прайшло ў касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы 8 жніўня. На парафіяду прыбыла моладзь з Ваўкалатаў, Пагошчы, Мёраў, Глыбокага, Дуброўна, Новалукомля, Чашнікаў.

Парафіяда распачалася ўдзелам у святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Напачатку Эўхарыстыі ў касцёл урачыста ўнеслі сцяг парафіяды. Гэта зрабілі навучэнцы патрыятычнага класа адной з аршанскіх школ, якія адмыслова да гэтай урачыстасці апранулі вайсковую форму.

У сваім слове да моладзі біскуп нагадаў, што быць хрысціянінам, значыць быць сведкам Езуса Хрыста — абвяшчаць Божае слова. Як нагадаў іерарх, гэта абавязак не толькі духоўных асобаў, але і свецкіх вернікаў, кожнага па-свойму, сыходзячы з паклікання і талентаў, атрыманых ад Бога.

На заканчэнне святой Імшы да моладзі звярнуўся айцец Гжэгаж Ксёнжэк, які з’яўляецца ганаровым прадстаўніком Таварыства парафіяды ў Варшаве і ў Оршу прыбыў як назіральнік. Святар пажадаў моладзі перамогі ў вачах Божых. Божых поспехаў як у парафіядзе, так і жыцці пажадаў моладзі і Віцебскі ардынарый.

Пасля Імшы каля святыні адбыўся канцэрт гурта Laudans.

Арганізатарам парафіяды ў Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца ксёндз Валерый Орсік. Сёлетняя праводзіцца ў трэці раз і прысвечана 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. На працягу парафіяды ўдзельнікаў чакаюць конкурсы рэлігійнай песні, спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя прадстаўленні і інш.

Абноўлена 10.08.2017 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця