Падчас рэстаўрацыйна-археалагічных прац у паўднёвай сцяны Спаса-Прэабражэнскага храма Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра знойдзена пячатка ХІІ ст., якая належала Еўфрасінні Полацкай.
Такая інфармацыя змешчана на афіцыйным партале Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Пячатка двухбаковая. З аднаго боку — выява вялебнай Ефрасінні Александрыйскай — апякункі вялебнай Еўфрасінні Полацкай. У адной руцэ ў яе крыж, другая — паднята ў благаслаўленні.
Паводле слоў дацэнта кафедры агульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя М. Танка, кандыдата гістарычных навук Іны Калечыц, знойдзеную пячатку можна было атрыбуціраваць як належную вялебнай Еўфрасінні Полацкай. Даследчыца звярнула ўвагу на надпіс «Иефросинья» па абедзвюх баках выявы.
«Калі пішуць пра вялебную Еўфрасінню Полацкую — пішуць “Офросинья”, відаць, каб адрозніць. “Офросинья” — так, хутчэй за ўсё, вялебную называлі. Па кругу ішоў надпіс, які павінен быў чытацца як “Господи, помози рабе Своей Офросинье на многая лета”. Рэшта надпісу і лік былі наўмысна сапсаваны нейкім спецыяльным інструментам. Магчыма, атрымаўся не вельмі ўдалы водціск пячаткі», — расказала Іна Калечыц.
Са зваротнага боку пячаткі выява Хрыста Збаўцы «Пантакратар», якая амаль цалкам супадае з выявай, якая знаходзіцца ў Спаса-Прэабражэнскім храме Полацкай абіцелі на фрэсцы.
«То бок гэта пячатка і вялебнай, і пячатка манастыра», — дадала спецыяліст.
Пячатку знайшоў вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Салаўёў.
«Гэта віслая пячатка. Такія звычайна прывешвалі дакументам таго часу, калі перавязвалі, каб ніхто іх не прачытаў. Унутры прапускаўся шпагат. Пячатка была знойдзена ў адкрытай гэтым летам грабніцы-аркасоліі», — расказаў Аляксандр Салаўёў.