Пошук

07.08.2017 15:55   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Імшой апоўдні 5 жніўня завяршыліся ўрачыстасці ў Росіцы ва ўспамін подзвігу благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў. Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Сяргей Гаек і айцы марыяне.

Вітаючы стомленых пілігрымаў, многія з якіх правялі на малітве ў касцёле ўсю ноч, біскуп Віцебскі адзначыў, што сваёй вытрываласцю яны яўляюць «працяг веры тых людзей, якія з гэтага касцёла выходзілі ў свой апошні шлях». «Іх заступніцтва і малітва даюць нам сёння гэтую моц, і не толькі тут, у касцёле, але і ў нашым жыцці», — падкрэсліў іерарх, дадаючы, што шматлікія пілігрымы пасля наведвання Росіцы сведчаць, як гэтае месца дапамагае ім доўгі час трываць у духоўнаактыўным жыцці. «І гэта чарговае сведчанне, якую вялікую моц мае гэтае месца», — дадаў біскуп Алег Буткевіч.

       

У гаміліі біскуп Віцебскі заклікаў прысутных адказаць сабе на пытанне, кім для іх з’яўляецца Бог, і адразу адказаў на яго: «Бог з’яўляецца тым, хто ведае каштоўнасць майго жыцця, маёй душы, тым, хто цэніць гэтую каштоўнасць».

Прыгадваючы прыпавесць Езуса Хрыста, дзе Божае Валадарства параўноўваецца са скарбам, схаваным у зямлі, і з каштоўнай пярлінай, дзеля набыцця якой купец прадаў усё, што меў, іерарх адзначыў: «Часта гэта вобраз нашага жыцця, нашай душы — каштоўны камень, закапаны, часам затаптаны ў бруд. Нават нам самім цяжка ўбачыць уласную каштоўнасць. Але Бог — той, хто сапраўды ведае кошт нас з вамі. Для Бога мы заўсёды застаемся аднолькава каштоўнымі».

«Купец з прыпавесці прадае ўсё для набыцця пярліны. Дзеля нас Езус Хрыстус аддаў сваё жыццё на крыжы. І гэта знак, наколькі для Бога каштоўная людская душа. Бог з’яўляецца тым ювелірам, які заўсёды адрозніць гэтую каштоўнасць і гатовы аддаць ўсё, каб яе набыць і каб з гэтага бруднага каменю зрабіць пярліну», — дадаў іерарх.

Узгадваючы папялішча на месцы спалення росіцкіх ахвяраў, біскуп адзначыў: «Скінутае ў бруд спаленае людскае жыццё ў вачах Бога — вялікая каштоўнасць».

Разважаючы пра вернасць Богу, біскуп Віцебскі заклікаў прысутных заўсёды дзейнічаць згодна з нашым пакліканнем. «Гэта просты шлях — апынуцца ў хвале, якую прапануе і стварае для нас Бог. Гэтым шляхам паслухмянасці свайму пакліканню пайшлі благаслаўлёныя пакутнікі з Росіцы Юрый і Антоній. Яны вытрывалі да канца ў сваім пакліканні», — падкрэсліў іерарх.  

Пасля заканчэння ўрачыстасцяў шматлікія пілігрымы выязджаюць, і Росіца зноў «суцішваецца». А вось пілігрымы яшчэ доўга жывуць ёю. І зноў чуеш шчырыя падзякі вернікаў за магчымасць пілігрымавання да Росіцы і іх кранальныя сведчанні аб гэтым незвычайным месцы.

«У Росіцу я ішла цяжка, пераадольваючы свае фізічныя недамаганні. Удзячная Госпаду — дайшла. Росіца — гэта маё сэрца. Яе расстрэльвалі, палілі, разбуралі, а ў ёй квітнее жыццё. Бог змяніў слёзы на радасць», — дзеліцца Вольга Давыдзенка з Полацка.  

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.