Урачыстае адкрыццё трэцяга міжнароднага мастацкага плэнера, які ў гэтым годзе прысвечаны 500-годдзю перакладу «Бібліі» Францішкам Скарынам, адбылося 23 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.
Святую Імшу на адкрыццё «Скарынера» цэлебраваў пробашч парафіі і непасрэдны арганізатар пленэра кс. Сяргей Сурыновіч.
Фота: Сяржук Месяц
На распачацце «Скарынера» ў Друю прыбыло каля 30 мастакоў як з Беларусі, так і замежжа. Сваю працу яны распачалі ўжо 22 ліпеня. Адметна, што сёлета ў плэнэры побач з прафесійнымі мастакамі прымае ўдзел і 14-гадовы выхаванец Друйскага дзіцячага дома Ілья Данілевіч.
Адмыслова да правядзення «Скарынера» ў касцёле была ўсталявана экспазіцыя ў гонар Скарыны: макет друкаванага станка Ёхана Гутэнберга і драўляная скульптура, якая прадстаўляе постаць беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі Францішка Скарыны.
Пасля Імшы адбылося выступленне гурта «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі». Даследчык беларускай музыкі, журналіст і музыка Віктар Сямашка разам з сям’ёй Сяргея і Кацярыны Раюнец прадставілі праграму ў спалучэнні грыгарыянскіх спеваў з дэкламацыяй тэкстаў Францішка Скарыны ў пераапрацоўцы Алеся Разанава з кнігі «Маем найбольшае самі».
Напрыканцы была праведзена віктарына на веданне жыцця і творчасці Францішка Скарыны.
Фота: Кацярына Лаўрыненка