Пошук

03.07.2017 17:40  

Новы касцёл пад тытулам Сэрца Пана Езуса будзе пабудаваны ў мікрараёне Рэчыца горада Брэста. 3 ліпеня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў будаўнічую пляцоўку і вуглавы камень будучай святыні.

Касцёл, які будзе пабудаваны ў мікрараёне Рэчыца, — гэта плён веры чалавека, яго адносін з Богам і любові да людзей і будучых пакаленняў. На гэта ўказаў біскуп Пінскі падчас святой Імшы і нагадаў, што і для нас засталася памяць пра веру нашых продкаў —старажытныя святыні.

«Каля 20 гадоў таму памёр французскі пісьменнік і філосаф Андрэ Фрасар — чалавек з вельмі цікавай гісторыяй жыцця. Нарадзіўся Андрэ і выхоўваўся ў яўрэйскай атэістычнай сям’і. Пра Бога нічога не ведаў, што і не дзіўна. Калі вучыўся ў Парыжы, пасябраваў з веруючым юнаком. І вось аднойчы па дарозе на вучобу яны праходзілі каля касцёла, дзе праз увесь дзень быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Сябар папрасіў пачакаць яго, і на хвіліну зайшоў на адарацыю. Як піша ў сваіх успамінах Андрэ, хвіліны цягнуліся неміласэрна. І ён увайшоў у святыню, каб адшукаць аднакурсніка, а ўвыніку знайшоў Сябра на ўсё жыццё. Сваім успамінам Андрэ даў назву “Бог ёсць”. Андрэ стаў глыбока веруючым чалавекам. Пражыў амаль сто гадоў, сябраваў з папам Янам Паўлам ІІ, з якім зрабіў доўгае кніжнае інтэрв’ю», — распавёў біскуп Пінскі.

Іерарх нагадаў, што для таго і будуюцца касцёлы, каб сам Бог у іх панаваў, змяняў і выпраўляў жыццё чалавека. «Таму касцёлы так патрэбны, і таму мне як біскупу так важна, каб яны былі. Я радуюся, што яны ёсць і будуюцца дзякуючы вашай веры і ахвярнасці, — дадаў іерарх. — І ў той жа час, ва ўсім гэтым трэба бачыць твор самога Бога. Калі сам Пан дому не збудуе, дарэмна над ім рамеснік працуе».

Біскуп Антоні нагадаў таксама, што ў святыні павінен быць святар, і звярнуўся да прысутных з заклікам маліцца аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

(cath/vgr)

Фота Надзеі Гарох

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 10.07.2017 18:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця