Пошук

20.10.2016 15:26   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Як зразумець чалавека з аўтызмам? Такое пытанне ўздымаецца ў монаспектаклі «Мой сябар Джэйсан», прэм’ера якога адбылася 17 кастрычніка ў Беларускім паэтычным тэатры аднаго акцёра «Зніч» на сцэне Тэатральнай залы Культурнага цэнтра касцёла св. Сымона і св. Алены.

Мне пашчасціла пабываць на адным з прэм’ерных паказаў 19 кастрычніка і акунуцца ў гісторыю дзяўчынкі Кэтрын і яе брата Дэвіда, які «жыве ў сваім асобным свеце і не заўсёды разумее, што навакольная рэчаіснасць патрабуе адпаведных паводзін». У Дэвіда аўтызм.

Спектакль «Мой сябар Джэйсан» створаны паводле кнігі амерыканскай пісьменніцы Сінціі Лорд «Правілы». Гэта першы рэпертуарны спектакль на беларускай сцэне, у якім уздымаецца тэма інклюзіі і праблема сацыялізацыі асобы з аўтызмам. Ініцыятарам стварэння спектакля з’яўляецца Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» (ГА «БелАДДІіМІ»). Падтрымала праект «Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці» (USAID).

Паводле сцэнарыя, галоўная гераіня Кэтрын, у якой брат хварэе на аўтызм, аднойчы знаёміцца з хлопчыкам Джэйсанам. Падлетку яшчэ больш складана кантактаваць з іншымі людзьмі, чым Дэвіду: ён "не ўстае з інваліднага вазку, не можа гаварыць, але ўсё чуе і разумее". Для свайго новага сябра Кэтрын прыдумвае незвычайны спосаб кантактавання з соцыумам — карткі з малюнкамі, на якіх адлюстраваны людзі, прадметы, эмоцыі і пачуцці. Дзяўчынка такім чынам хоча ўнесці хоць якую палёгку ў яго жыццё.

У свядомасці самой Кэтрын шмат канфліктаў. Адна яе палова «хоча ісці на танцы і жыць нармальным жыццём», а другая не можа пакінуць хворага брата аднаго. Тыповая дылема ў такой сітуацыі: сузалежнасць або штосьці іншае? Кожны глядач мае права вырашаць сам.

Нельга не заўважыць выдатнай ігры актрысы монаспектакля Вікторыі Кавальчык. Віртуозна, праўдзіва і эмацыйна яна здолела перадаць вобразы галоўнай гераіні, Дэвіда, жанчыны-лагапеда і іншых персанажаў спектакля. Актрыса ўпершыню іграе ў монаспектаклі для дарослых, але вопыт ігры ў тэатры аднаго акцёра ў жанчыны не першы. Раней Вікторыя радавала сваімі ролямі дзяцей.

«Гэты матэрыял вельмі ўзрушвае. І такіх гісторый у нас многа. Шмат у каго ёсць або малодшы брат, або старэйшы. І канфлікты паміж пакаленнямі ёсць, нават не таму, што хтосьці ў сям’і хворы. У дадзеным выпадку мне было вельмі цікава працаваць. І я вельмі ўдзячная, што са мной узяўся працаваць такі выдатны рэжысёр. Для дзяцей з асаблівасцямі вельмі мала ў нас зроблена. Інвалідаў у нас амаль не відаць, а калі мы пачалі працаваць над гэтым матэрыялам, то сталі іх часта заўважаць... Гэта вельмі важная тэма, і трэба да яе звяртацца, трэба, каб нашыя дзеці былі мякчэйшымі і з разуменнем ставіліся да гэтай праблемы, таму што ў жыцці кожнага можа здарыцца ўсё, што заўгодна», — заўважае Вікторыя Кавальчык.

Аўтар інсцэніроўкі рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык прызнаўся, што ўпершыню працаваў над монаспектаклем на тэму інклюзіі.

«Для мяне гэта было вельмі складана. Я доўга "хадзіў вакол" матэрыяла, а потым паступова ўключыўся. Калі ты працуеш і з’яўляецца натхненне, то тады любы матэрыял паддаецца, — заўважыў рэжысёр. — На тэму інклюзіі я раней спектаклі не ставіў, толькі шмат гадоў таму рабіў ролік з інвалідам-калясачнікам. Падчас падрыхтоўкі гэтага спектакля былі свае складанасці. Для актрысы было няпроста вывучыць 14 старонак сцэнарыя на беларускай мове. Яна сама прызнаецца, што гэта было для яе катаржнай працай, бо мысленне зусім іншае. Мы прагледзелі вельмі шмат відэаматэрыялаў, звязаных з дзецьмі з аўтызмам і дзіцячым цэлебральным паралічом», — распавёў Сяргей Кавальчык.

«Тэма гэтага спектакля закранае душу, індывідуальнасць кожнага чалавека. На маю думку, ён уздымае пытанне разумення і адкрыцця сябе ў гэтым свеце, шукае адказ на пытанне: як знайсці паразуменне з іншымі людзьмі, прыродай і часам, як адчуць сваю сілу», — кажа дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра «Зніч» Галіна Дзягілева.

Гісторыю Кэтрын, яе брата Дэвіда і сябра Джэйсана ў тэатральнай зале Культурнага цэнтра касцёла св. Сымона і св. Алены можна будзе ўбачыць яшчэ 16 і 23 лістапада. А пакуль тым, хто ўжо з ёй пазнаёміўся, ёсць над чым паразважаць…

Марына Валасар,
Фота аўтара

Абноўлена 05.06.2017 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа