Пошук

07.02.2017 12:06  

5 лютага споўнілася 380 гадоў ад смерці мітрапаліта Уніяцкай Царквы Уладыкі Язэпа Веламіна Руцкага. З гэтай нагоды ў мінулыя дні ў грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі ў малітве ўзгадваўся мітрапаліт Язэп і ягоныя высілкі на карысць умацавання Уніяцкай Царквы.


2 лютага Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек наведаў некаторыя мясціны, звязаныя са служэннем мітрапаліта Язэпа, а ўвечары адслужыў у Лідзе Боскую Літургію падзякі за ягонае жыццё і служэнне.

«З удзячнасцю Богу ўзгадваем мітрапаліта Язэпа Руцкага і яго рэформу, у межах якой 400 гадоў таму (у 1617 г.) ён рэарганізаваў манахаў базыльянаў і даверыў ім арганізацыю школьнага навучання паводле еўрапейскіх хрысціянскіх стандартаў. Пачынаючы ад мітрапаліта Язэпа, Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сферу адукацыі», — сказаў архімандрыт.

Малітоўныя ўспаміны мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага пройдуць у гарадах, звязаных з ягонай дзейнасцю: 11 лютага ў Вільні, 12 лютага — у Празе.


***
Ян Вельямін Руцкі нарадзіўся ў 1574 г. у шляхецкай сям’і ў радавым маёнтку Рута Навагрудскага ваяводства (цяпер — в. Дольная Рута Карэліцкага раёна). Бацькі будучага мітрапаліта былі кальвіністамі, але свайго сына ахрысцілі ў Праваслаўнай Царкве. Пасля смерці бацькі (каля 1590 г.) Ян накіраваўся ў Чэхію, дзе пачаў вучобу ў Пражскім універсітэце. Пражскі ўніверсітэт у тыя часы знаходзіўся пад моцным уплывам гусітаў, аднак, нягледзячы на гэта, Ян Руцкі збліжаецца з католікамі і пад уплывам езуітаў далучаецца да Каталіцкага Касцёла. З Прагі Ян Руцкі едзе ў Германію, дзе за тры гады сканчвае Вюрцбургскі ўніверсітэт. У гэты час праз Вюрцбург з Рыма ў ВКЛ вяртаўся пракуратар езуіцкіх правінцый Рэчы Паспалітай айцец Бокса, які параіў Яну ехаць у Рым. Там Ян быў залічаны ў Грэцкую калегію. Скончыўшы Грэцкую калегію, Ян Руцкі (каля 1601 г.) вярнуўся з Рыма ў Вільню.

Уніяцкі мітрапаліт Іпаці Пацей пасля смерці рэктара віленскай уніяцкай семінарыі прызначыў на гэтую пасаду Яна Руцкага. Прабыўшы на чале віленскай семінарыі каля 4 гадоў, Ян Руцкі ў 1606 годзе пакідае яе.

6 верасня 1607 г. Ян Руцкі распачаў навіцыят у Свята-Траецкім манастыры, а 1 студзеня 1608 г. прыняў манаскі пострыг з іменем Язэп. У тым жа годзе ён атрымаў спачатку дыяканскія, а потым і святарскія пасвячэнні. Малады адукаваны іераманах займаўся выхаваннем моладзі, якая праходзіла навіцыят у Свята-Траецкім манастыры: выкладаў навіцыям свецкія і духоўныя навукі, але перш за ўсё вучыў іх сваім уласным прыкладам падзвіжніцкаму жыццю.

16 лістапада 1611 г. кароль Жыгімонт III прызначыў Язэпа Вельяміна Руцкага каад’ютарам мітрапаліта. У той час мітрапаліт Іпаці Пацей быў ужо невылечна хворым, таму Язэп Руцкі фактычна становіцца кіраўніком Уніяцкай Царквы. У чэрвені 1612 г. мітрапаліт Іпаці высвяціў Язэпа Руцкага на галіцкага біскупа, а кароль Жыгімонт III з гэтай нагоды перадаў яму ва ўладанне старажытны Лаўрышаўскі манастыр (зараз гэта праваслаўны Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці).

Уладыка Язэп Руцкі няўхільна імкнуўся да ўмацавання Уніяцкай Царквы. Разам з Язафатам Кунцэвічам ён пераканаў слонімскага шляхціча Р. Трызну заснаваць манастыр у Быцені, які з цягам часу стаў адным з буйнейшых манастыроў на беларускіх землях. Каля 1613 г. намаганнямі Язэпа Руцкага і Язафата Кунцэвіча быў заснаваны манастыр у Жыровічах. У 1613 г. Язэп Руцкі дамогся перадачы уніятам Успенскага манастыра ў Мінску.

29 ліпеня 1613 г. памёр мітрапаліт Іпаці Пацей. Новым кіеўскім мітрапалітам стаў Язэп Вельямін Руцкі. Як мітрапаліт Язэп Руцкі пастаянна наведваў уніяцкія епархіі, парафіі і цэрквы. На ключавыя пасады ён вылучаў таленавітых, неардынарных асобаў, якія прынеслі вялікую карысць Уніяцкай Царкве.

Галоўная спадчына мітрапаліта Язэпа Руцкага — гэта ордэн базыльянаў, фактычна «створаны ім» на беларускіх і ўкраінскіх землях. Мітрапаліт Язэп глыбока вывучыў вопыт заснавання і росквіту манаскіх брацтваў, багаслоўскія трактаты, прысвечаныя манаскаму жыццю, і склаў склаў падрабязны статут ордэна базыльянаў — «Правілы манаскага жыцця». Базыльянская духоўнасць аб’ядноўвала традыцыі ўсходняга манаства з практыкай манаскага жыцця на Захадзе. У аснову статута ордэна былі пакладзены правілы св. Васіля Вялікага.

У 1617 г. была заснавана Наваградская кангрэгацыя ўніяцкіх манастыроў. Менавіта з гэтай падзеяй прынята звязваць арганізацыю базыльянскага ордэна Язэпам Руцкім. У склад ордэна ўвайшлі буйнейшыя ўніяцкія манастыры — Віленскі, Навагардскі, Мінскі, Жыровіцкі, Быценскі, пазней Полацкі, Смаленскі і іншыя.

Рэформы мітрапаліта Язэпа Руцкага і яго нястомная дзейнасць садзейнічалі ўмацаванню пазіцый Уніяцкай Царквы на беларуска-ўкраінскіх землях, выхаду яе з крызісу, прыстасаванню да новай эпохі. Пазнейшыя гісторыкі адзначалі наступнае: «Калі Міхаіл Рагоза аднавіў унію, Іпаці Пацей яе захаваў, то Язэп Руцкі яе ўмацаваў, пашырыў i зрабіў сапраўднай Царквою». Аддавалі даніну павагі харызматычнаму мітрапаліту і ў Рыме. Папа Урбан VIII назваў яго «Атлантам Уніі, Афанасіем Русі». А папа Рыгор XV адзначаў яго «стойкасць пабожнасці і светлы розум, які прысвяціў сябе і ўсе свае сілы змаганням за годнасць каталіцкай рэлігіі».

У 1937 г. Львоўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі аб’явіў аб пачатку працэсу беатыфікацыі Язэпа Вельяміна Руцкага.

Паводле svjazep.org
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа