Старшыня Канферэнцыіі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ад імя епіскапату скіраваў віншавальнае слова архімандрыту Сяргею Гаеку, Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі, з нагоды 420-годдзя абвяшчэння Брэсцкай уніі.
«Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю перадаць усім вам сардэчныя словы віншавання і духоўнай салідарнасці ў гэты час, калі адзначаеце 420 гадоў абвяшчэння Брэсцкай уніі на Сінодзе ў Брэсце», — звяртаецца Мітрапаліт у пасланні да архімандрыта, святароў, манахаў, манахінь і вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
«Праз Акт царкоўнай Уніі на Сінодзе ў Брэсце 16–18 кастрычніка 1596 г. іерархі Усходняй Царквы і Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду на нашых землях атрымалі каштоўны Божы дар — жыць і супрацоўнічаць дзеля збаўлення людзей ў поўнай царкоўнай Еднасці, у духу братэрства і салідарнасці.
Супольная душпастырская праца іерархаў і святароў Уніяцкай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў мінулым прынесла багаты плён у сферы духоўнага жыцця, адукацыі, культуры, архітэктуры, мастацтва», — падкрэслівае старшыня беларускага епіскапату.
«У каталіцкіх святынях перад цудадзейнымі іконамі згодна маліліся вернікі двух абрадаў і чэрпалі сілы для супольнага мужнага сведчання Евангелля — у часы супакою і ў часы пераследу, — узгадвае ў віншавальным слове іерарх. — Ужо больш за 25 гадоў вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы і вернікі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі могуць зноў адкрыта вызнаваць каталіцкую веру і супольна сведчыць пра каштоўны дар Еднасці, якой Хрыстус жадаў для ўсіх сваіх вучняў».
«У гэтыя святочныя для вас дні ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі хачу выказаць радасць ад супольнага сведчання і супрацоўніцтва ўжо ў незалежнай Беларусі.
Гэта вельмі важна і каштоўна, што літургічныя і духоўныя традыцыі — усходняя і заходняя — сумесна ўзбагачаюць духоўнае жыццё вернікаў нашай Бацькаўшчыны.
Праз заступніцтва Багародзіцы, супольна шанаванай вернікамі дзвюх традыцый, няхай усіх вас благаславіць Міласэрны Хрыстус Чалавекалюбец».
Паводле svjazep.org
(VGr)