Пошук

15.10.2016 15:59  

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр скіраваў пасланне да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі.

«Набліжаецца да завяршэння Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Кожны католік павінен задумацца над тым, як выкарыстаць ласку Юбілею, як развівацца на шляху жывой веры, трывалай надзеі і дзейснай любові, як у сённяшнім свеце быць верагодным і нястомным сведкам Хрыста Пераможцы, які жыве ў адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім Касцёле», — адзначае іерарх.

«На працягу гэтага года грэка-каталіцкія супольнасці ў Беларусі з крэатыўнай адвагай крочылі шляхамі Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці. Натхнёныя ўчынкамі міласэрнасці, яны рэалізавалі багатую на падзеі пастаральную праграму. Гэтая праграма рэалізавалася ў кантэксце радаснага вызнавання веры: “Веру ў адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл”.

Гэтыя словы Сімвалу Веры з'яўляюцца асабліва актуальнымі ў дні, калі грэка-каталіцкія вернікі Беларусі перажываюць чарговую гадавіну падпісання Брэсцкай уніі. Сінод, які праходзіў з 16 па 18 кастрычніка 1596 года, паспрыяў аднаўленню поўнай еднасці розных касцёльных супольнасцяў гэтай зямлі з Апостальскім Пасадам у Рыме, заахвочваючы вернікаў да ўзрастання ў веры, надзеі і любові ў той складаны перыяд», — гаворыцца ў пасланні.

«Брэсцкая унія прывяла да ўмацавання духоўнага і культурнага абмену паміж хрысціянамі з Усходу і іх братамі на Захадзе, што ў сваю чаргу паспрыяла росквіту культуры, выхавання і архітэктуры. Да сённяшняга дня сведкамі гэтай падзеі з'яўляюцца некаторыя святыні і шматлікія іконы, напісаныя ў перыяд пасля падпісання Уніі. Гэта каштоўная духоўная спадчына ў гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Сёння, 420 гадоў пасля падпісання Брэсцкай уніі, мы маем магчымасць нанова адкрыць для сябе гэтае духоўнае і культурнае багацце нашай прыналежнасці да адзінага, святога, каталіцкага і апостальскага Касцёла, усведамляючы адказнасць быць сведкамі Евангелля любові для кожнага чалавека», — піша прадстаўнік Святога Айца.

«У гэтыя ўрачыстыя дні, дзякуючы Богу за Яго бязмежную любоў, заклікаю да малітвы аб будаванні еднасці паміж хрысціянамі так, як гэтага прагне наш Пан.

Даручаю ўсіх вас Марыі — Маці Адзінага Касцёла — і ад шчырага сэрца благаслаўляю», — дадае арцыбіскуп.

Паводле svjazep.org

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа