28 жніўня ў грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску служыў Боскую Літургію неапрэзбітэр айцец Аляксей Варанко. Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў 21 жніўня ў Полацку з рук Уладыкі Ніла (Лушчака), дапаможнага епіскапа Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі.
На пачатку службы неапрэзбітэра прывіталі з кветкамі вернікі парафіі, для якіх першая служба гэтага святара асаблівая радасць: а. Аляксей Варанко з’яўляецца выхаванцам гэтай парафіі, куды прыйшоў яшчэ ў студэнцкія гады.
Гамілію, звяртаючыся да евангельскага чытання на гэтую нядзелю, дзе ўзгадваліся дзве запаведзі любові, а. Аляксей Варанко прысвяціў тэме любові ў жыцці людзей.
Напрыканцы неапрэзбітэр удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне. Пры гэтым вернікі атрымоўвалі таксама прыміцыйныя абразкі. Дэвізам свайго святарскага служэння айцец Аляксей абраў словы з Першага паслання апостала Паўла да карынцянаў: «Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць» (1Кар 6, 12).
Сваё служэнне а. Аляксей Варанко будзе несці ў парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску.