Скарынаўскі Полацк 16 ліпеня прывітаў удзельнікаў ХХІІ пілігрымкі Грэка-Каталіцкай Царквы, якая вырушыла з Віцебска 12 ліпеня.
Па дарозе да сабора святой Сафіі, ля сцен якога пілігрымы маліліся за Айчыну, духоўных падарожнікаў прынялі ля храма Стараабрадцаў.
Гасціннасць стараабрадцаў
У Беларусі існуе 33 стараабрадскія царквы, з якіх 5 ужо не працуе, бо на месцы няма вернікаў. Сярод іх храм у Свіры, у Глыбокім. У Полацку таксама абшчына з’яўляецца нешматлікай, звычайна ў будні сюды прыходзіць каля пяці жанчын старэйшага ўзросту, каб памаліцца, як распавялі гасцям-пілігрымам.
Кожны год полацкая стараабрадская абшчына гасцінна прымае стомленых пілігрымаў, кожны з іх можа наталіць смагу, а таксама крыху адпачыць і суцішыцца сярод ікон святыні і зацішша прыцаркоўнай тэрыторыі.
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск-Полацк праходзяць шлях за пяць дзён, падчас якога ў лік падарожных да месца пакутніцкай смерці полацкіх мучанікаў уключаюцца новыя ўдзельнікі.
Апошнія пілігрымы далучаюцца на прыпынку ў в. Струнне, дзе ля крыжа моляцца за спачылых грэка-каталіцкіх святароў і іерархаў. Гэты крыж усталяваны на месцы, дзе знаходзілася рэзідэнцыя грэка-каталіцкіх мітрапалітаў, якая была знішчана ў 30-х гадах ХХ стагоддзя.
Пасля супольнай малітвы пілігрымы падыходзяць да крыжа, каб памаліцца індывідуальна.
На гэтым жа прыпынку адбываецца абед і падрыхтоўка да ўваходу ў Полацк, калі пілігрымы апранаюць адметныя майкі. У гэтым годзе яны былі з надпісам «1596-2016» — з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі — і «Веру ў адзіную Царкву».
У гэтым годзе ля сцен Сафійскага сабора за Айчыну малілася 84 чалавекі.
Пілігрымы маліліся ля сцен «Сафійкі», дзе захаваліся яе аўтэнтычныя часткі.
Пасля малітвы пілігрымка пайшла на вячэрню ў грэка-каталіцкі храм св. Параскевы Полацкай. На парозе храма ўсіх вітаў і акрапляў асвечанай вадой настаяцель айцец Аляксандр Шаўцоў.
Пілігрымка — подзвіг веры і сімвал жыцця Царквы
Пілігрымы з Віцебска, Мінска, Гомеля, Магілёва і іншых беларускіх мясцовасцяў, як падкрэсліў напрыканцы Вячэрні Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, праз гэтае падарожжа здзейснілі «сапраўдны подзвіг веры»: подзвіг — як высілак і як зрушэнне з месца на месца ў імя веры.
«Ваш подзвіг — гэта сімвал жыцця Царквы», — адзначыў архімандрыт.
Полацк, па словах Апостальскага візітатара, — надзвычайнае месца, дзе пачынаецца гісторыя хрысціянства ў нашай краіне, як усходняй, так і заходняй традыцыі. «Мы павінны дзякаваць за багатую духоўную спадчыну гэтага горада», — сказаў архімандрыт.
Таксама праз гэтую пілігрымку грэка-католікі працягваюць эстафету малітвы, якую 22 гады таму распачаў айцец Валерый Алексійчук (на сёння — Венедыкт, дапаможны біскуп Львоўскай архіепархіі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы).
«Шлях полацкіх пакутнікаў і мучаніка Язафата Кунцэвіча — гэта час, які прыгадвае пра ворагаў веры, як у Беларусі, так і ў свеце», — адзначыў архімандрыт, разам з тым дадаўшы, што зараз у Касцёле нездарма перажываецца Год Міласэрнасці.
«Таму будзьце міласэрнымі як да іншых, так і самі да сябе», — заклікаў Апостальскі візітатар.
Францішак Скарына — той, за каго складаем падзяку Богу
У гэтым годзе пілігрымка была прысвечана «Адзінству Царквы», а таксама спадчыне «слаўнага сына зямлі Полацкай», які «не пабаяўся напісаць “Акафіст”, дзе ён назвае Езуса Хрыста добрымі, цёплымі словамі».
Архімандрыт Сяргей Гаек таксама дадаў:
«Францішак Скарына — гэта не той, каго мы хочам беатыфікаваць ці кананізаваць, але той, за каго мы проста павінны дзякаваць Богу».
Грэка-каталіцкая пілігрымка ў Полацк не з’яўляецца такой шматлікай, як пілігрымкі ў іншыя санктуарыі нашай краіны, такія, як Будслаў, Тракелі, Браслаў ці Лагішын, але ў ёй пануе дух сям’і, дух таго адзінства, да якога хочацца імкнуцца, аб якім варта прыгадваць у малітве і старацца ім жыць у штодзённасці...
Аксана Ючкавіч