14 лютага Касцёл успамінае святых Кірыла, мніха, і Мятода, біскупа, — Апекуноў Еўропы — і вельмі папулярнага ва ўсім свеце святога Валянціна — Апекуна закаханых. Пра асобу гэтага святога, а таксама пра хрысціянскі сэнс дня святога Валянціна распавядае біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.
Гістарычныя звесткі пра святога Валянціна даволі нешматлікія.
У «Рымскім мартыралогу» пад датай 14 лютага ён узгадваецца двойчы: як рымскі святар, якому сцялі галаву ў часы панавання цэзара Клаўдзія ІІ Готыка ў 269 годзе, а таксама як біскуп Тэрні пад Рымам, які пасля доўгіх катаванняў быў перавезены ў Рым і там пакараны смерцю. Мяркуюць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адну і тую ж асобу, якую ўшаноўваюць і ў Рыме, і ў Тэрні.
Існуюць доказы таго, што ўжо ў IV стагоддзі грабніца святога Валянціна ў Рыме была месцам асаблівага культу. Святы Папа Юлій (337–352) пабудаваў над грабніцай базыліку.
Валянцін быў прызнаны асаблівым апекуном хворых на нервовыя хваробы і эпілепсію, бо яшчэ пры жыцці ён аздаравіў хлопца-эпілептыка.
Іншыя крыніцы падаюць, што ў часы панавання цэзара Клаўдзія Готыка Рым быў уцягнуты ў крывавыя войны, непапулярныя да такой ступені, што мужчыны не жадалі ісці ў войска. Цэзар зрабіў выснову, што прычынай такіх паводзінаў было нежаданне мужчынаў пакідаць сваіх нявестаў і жонак. Таму ён адмяніў усе запланаваныя заручыны і шлюбы.
Як падае легенда, святар Валянцін дапамагаў парам, якія жадалі ажаніцца, і рабіў гэта патаемна. Аднак яго злавілі і прысудзілі да пакарання смерцю. Валянціна білі, пакуль ён не сканаў, пасля чаго яму адсеклі галаву. Гэта адбылося 14 лютага 269 года — у дзень, калі праводзіліся т. зв. «любоўныя латарэі».
Легенда дадае, што перад пакараннем, у турме Валянцін пасябраваў з дачкою вартаўніка, якая наведвала яго і падтрымлівала духоўна. У знак удзячнасці ён пакінуў ёй на развітанне ліст у форме сэрца, на якім напісаў: «Ад твайго Валянціна». У 1496 г. Папа Аляксандр VI абвясціў святога Валянціна апекуном закаханых.
Адкуль пайшлі карані сучасных «валянцінак»?
Аднак пачаткі сённяшніх «валянцінак» трэба шукаць не ў хрысціянстве, а ў язычніцкім Рыме. Гэтая дата была абрана самой прыродай: у сярэдзіне лютага птушкі, якія гнездаваліся ў Вечным Горадзе, распачыналі любоўныя залёты і аб’ядноўваліся ў пары. Гэта лічылася сімвалічным абуджэннем прыроды, якое прадвяшчала хуткі прыход вясны.
Па гэтай прычыне на 15 лютага рымляне вызначалі дату святкавання т. зв. «луперкаліяў» (ад лац. Lupercalia) — фэсту на ўшанаванне бога плоднасці Фаўна Луперка.
Напярэдадні святкавання праводзілася любоўная латарэя: імёны дзяўчат запісваліся на лістках паперы, пасля чаго іх лёсавалі хлопцы — такім чынам гэтыя дзяўчаты станавіліся іх партнёршамі на час «луперкаліяў». Здаралася, што з гэтага часу пары сустракаліся на працягу цэлага года альбо нават заставаліся адно з адным на ўсё жыццё.
У IV стагоддзі, калі хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у Рымскай імперыі, язычніцкія святы паступова замяняліся святамі хрысціянскімі. «Луперкаліі» былі настолькі папулярнымі, што ўтрымаліся ажно да канца V стагоддзя. Скасаваў гэтае свята ў 496 г. Папа Гелазій І, замяняючы яго бліжэйшым па літургічным календары святам мучаніка Валянціна.
Дзень святога Валянціна стаў сапраўдным днём закаханых толькі ў Сярэднявеччы, калі захапляліся жыццяпісамі святых і ладзілі шматлікія пілігрымкі да іх грабніц, каб ушанаваць рэліквіі. Была ўзгадана і гісторыя святога Валянціна. Свята найбольш распаўсюдзілася ў Англіі і Францыі. Па-ранейшаму — як у антычным Рыме — лёсаваліся імёны, хоць цяпер ужо дзяўчаты выцягвалі імёны хлопцаў. Пасля гэтага маладыя людзі на працягу тыдня насілі прышпіленыя да рукава карткі, якія выцягнулі ў жэрабя.
14 лютага дзяўчаты стараліся адгадаць, за каго выйдуць замуж. Для таго, каб пра гэта даведацца, яны назіралі за птушкамі.
Калі дзяўчына найперш убачыла малінаўку, гэта азначала, што яна выйдзе за марака, калі вераб’я — за беднага, але яна магла быць упэўнена, што яе сужэнства будзе шчаслівым, калі уюрка — яе рукі папросіць багаты чалавек.
Жыхары Уэльса ў гэты дзень дарылі адно аднаму драўляныя лыжкі з выразанымі на іх сэрцамі, ключамі і дзіркамі ад ключа. Падарунак замяняў выказаную словамі просьбу: «Адчыні маё сэрца».
З XVI стагоддзі ў дзень святога Валянціна жанчынам дарылі кветкі. Усё пачалося са свята, арганізаванага адной з дачок караля Францыі Генрыха IV. Кожная з дзяўчат атрымала тады букет кветак ад свайго кавалера. Аднак перадусім нарачоны 14 лютага абавязаны быў выслаць сваёй каханай чулы ліст — «валянцінку».
Гэты звычай прыжыўся нават пры каралеўскім двары ў Парыжы. «Валянцінкі» ўпрыгожвалі сэрцамі і купідонамі, пісалі на іх вершы.
Адгадай хто?
У XIX стагоддзі «валянцінкі» лічыліся самым рамантычным спосабам прызнання ў каханні. Зместам лістоў часта былі словы: «Ты будзеш маёй „валянцінкай“». У Злучаных Штатах лісты-валянцінкі былі ананімнымі, таму яны заканчваліся пытаннем: «Адгадай — хто?».
У Еўропе ананімны адпраўнік падпісваўся проста: «Твой Валянцін». У 1800 г. амерыканка Эстэр Хоўланд паклала пачатак традыцыі высылання гатовых «валянцінак».
Сёння імі ва ўсім свеце абменьваюцца не толькі закаханыя, але таксама дзеці ў школах. Найбольш вядомым іх стваральнікам быў французскі графік Раймон Пейнэ. Ён пачаў іх публікаваць у 1965 г., калі дзень 14 лютага ў Францыі быў афіцыйна абвешчаны Днём закаханых.
У Аўстрыі у гэты дзень адбываюцца вулічныя шэсці, у Англіі закаханыя дораць адно аднаму сэрцы з картона, упрыгожаныя выявамі Рамэо і Джульеты, а ў Амерыцы — проста шлюць лісты па электроннай пошце.
Аднак найбольш урачыста гэты дзень адзначаецца на радзіме св. Валянціна. Кожны год у бліжэйшую да 14 лютага нядзелю ў катэдры ў Тэрні адбываецца Свята Заручынаў. Сотні заручаных параў, часам з розных бакоў свету, збіраюцца каля грабніцы св. Валянціна і абяцаюць адно аднаму захоўваць любоў і вернасць да шлюбу. У 1997 г. да заручаных, сабраных у Тэрні, Папа Ян Павел ІІ скіраваў кароткае пасланне. Яго тэкст быў выгравіраваны на пліце, умураванай непадалёк ад грабніцы св. Валянціна.
Каханне і мода
Аднак у апошні час стала «модным» выстаўляць свае пачуцці напаказ, хоць тое, што мы бачым на нашых вуліцах, што паказваюць нам у фільмах, часцей за ўсё не мае нічога агульнага з каханнем.
Гэта проста неапанаваная пажадлівасць, да таго ж пазбаўленая сарамлівасці, інтымнасці, пачуцця чалавечай годнасці. Шэсці, якія называюць «парадамі любові», на самай справе — парады распусты і нястрыманай пажадлівасці. Адначасова гэта і прапаганда такога стылю жыцця, які вельмі далёкі ад хрысціянскага.
Неабходна паразважаць над тым, што такое сапраўднае каханне, у чым праяўляецца яго сутнасць і што азначае праяўляць каханне. Каханне — гэта не толькі хвіліннае пачуцце, але перадусім асаблівыя міжасобавыя адносіны, якія пастаянна развіваюцца. Гэтаму неабходна няспынна вучыцца: прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, адорваць пачуццямі і пачуцці прымаць, несці адказнасць за каханую асобу. У паводзінах сучаснай моладзі складана заўважыць вышэйзгаданыя рысы. Пад уплывам моды, фільмаў і розных публікацый юнакі і дзяўчаты спыняюцца на ўзроўні цела і губляюць сарамлівасць, якая натуральным чынам абараняе чалавека ад выкарыстання яго іншымі.
Кожны жэст чалавека штосьці выражае, іншымі словамі, з’яўляецца знакам чагосьці. Аднак значэнне жэстаў можна цалкам сказіць, напрыклад: пацалунак як праява любові да іншага чалавека ўзвышае яго, узбагачае, выражае захапленне і зачараванне каханай асобаю, узносіць яе на п’едэстал. Ён поўны бескарыслівай любові.
Пацалункі перад камерай або ў публічным месцы не з’яўляюцца знакам любові, а толькі знакам авалодання пэўнай тэхнікай або спосабам зарабіць на жыццё, прадыктаваным атрыманнем узнагароды ці кароткачасовай славы.
Агонь — гэта таксама дабро, але празмернае раздзіманне агню прыводзіць да пажару
Не ўсё тое, што мы робім, павінна выстаўляцца на публічны агляд. У цяперашні час пануе нездаровая мода агалення — як фізічнага, так і псіхічнага. Гэта сучасны эксгібіцыянізм, які не спрыяе ні развіццю чалавека, ні сапраўднай любові. Але ён можа прывесці да абуджэння некантраляванай палавой цягі, што ў сваю чаргу вядзе да палавых ненармальнасцяў, а таксама да шматлікіх хваробаў, якія перадаюцца палавым шляхам.
Палавую цягу можна параўнаць да агню. Сама па сабе яна з’яўляецца дабром, бо дадзена нам Богам. Агонь — гэта таксама дабро, але празмернае раздзіманне агню прыводзіць да пажару. Аналагічна адбываецца і з палавою цягаю. Яна з’яўляецца дабром, але стымуляванне, празмернае распальванне палавой цягі раздзімае ў чалавеку ўнутраны пажар.
Такія людзі становяцца нявольнікамі сваёй палавой цягі, становяцца залежнымі ад яе, прыносяць шкоду сабе і іншым. Яны не ў стане захаваць цнатлівасць. Амерыканскі псіхолаг В. Джэймс сказаў: «Дзе неапанаванае пачуццё сядзіць на троне, там розум стаіць за дзвярыма».
Палавая цяга павінна служыць любові, якая з’яўляецца прыняццем на сябе адказнасці, а таксама пошукамі дабра для каханай асобы, але часам можа стаць разбуральнай сілай. Гэта адбываецца тады, калі палавая цяга не падпарадкавана кантролю розуму і моцнай волі.
У такім выпадку яна можа ўскладніць жыццё не толькі адной асобы, але многіх; прыводзіць да распаду сужэнства, да росту прастытуцыі, злачынстваў на палавой глебе, забойства зачатых дзяцей, распаўсюджвання венерычных хваробаў і СНІДа. Так адбываецца тады, калі палавая цяга кіруе чалавекам, а не чалавек — цягай.
Езус Хрыстус у сваім вучэнні на першым месцы паставіў запаведзь любові. Хрысціянства без любові не мае сэнсу, бо «Бог ёсць Любоў» — так вучыць нас Біблія. Таму ўсе мы пакліканы нястомна праяўляць сапраўдную любоў адно да аднаго. Няхай жа свята святога Валянціна для кожнага хрысціяніна стане добраю нагодаю, каб адкрыць сапраўдную прыгажосць кахання, пра якую так шмат казаў моладзі Вялікі Папа Ян Павел ІІ і пра якую разважве Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць Любоў».