27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту. Гэтую дату Генеральная асамблея ААН устанавіла ва ўспамін аб вызваленні лагера смерці ў Асвенціме (Польшча).
Дзень у гісторыі
У гэты дзень у 1945 годзе савецкімі войскамі быў вызвалены канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенаў. У ім паводле розных крыніц было закатавана больш за 1,4 млн чалавек, у ліку якіх таксама каталіцкая манахіня Эдыта Штайн і святар Максімільян Кольбэ, якіх Касцёл абвясціў святымі.
Дзень як памяць пра ахвяры Халакосту быў усталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 года. Ініцыятарамі дакумента выступілі Ізраіль, Канада, Аўстралія, Расія, Украіна, ЗША, а іх сааўтарамі — яшчэ больш за 90 дзяржаў.
Дэталь, якая ўрэзвалася ў памяць намёртва
«Кожны лагер, які мне давялося наведаць, пакінуў у памяці дэталь, што ўрэзвалася ў памяць намёртва, — прыгадваў некалькі гадоў таму былы вязень Мінскага гета Міхаіл Трэйсцер, з якім аўтару гэтых радкоў давялося наведаць Аўшвіц-Біркенаў. — Бухенвальд — абажурамі і элегантнымі дамскімі сумачкамі з татуіраванай чалавечай скуры, Майданэк — сталом для разбору ў пакоі крэматорыя, для вырывання залатых зубоў і пошуку праглынутых каштоўнасцяў.
Траблінка — пусткай: усё знішчана, і толькі вялізнае поле, на якім безліч валуноў (памяць пра знішчаныя яўрэйскія абшчыны) і вялізны холм з попелу і чарапкоў...
У Асвенцыме чамусьці запомнілася вітрына, за якой тысячы пратэзаў ног, рук і яшчэ Бог ведае чаго. І незразумела, навошта іх захоўвалі.
Спалучэнне звярынай жорсткасці з чыста нямецкай беражлівасцю. Ну а далей — цюкі жаночых валасоў, горы абгарэлых акуляраў, пенснэ, манокляў, міскі, чайнікі, адзенне, абутак, шчоткі, памазкі, брытвы, чамаданы...»
У адной з залаў музея Аўшвіца — сапраўды вялізны пакой з адрэзанымі чалавечымі валасамі. Пасля таго, як у вызвалены Аўшвіц увайшлі савецкія войскі, у адным з баракаў было знойдзена 7 тон (!) чалавечых валасоў... Гэта тое, што нямецкія нацыянал-сацыялісты не паспелі знішчыць.
Шлях з Кракава да Асвенцыма займае каля 60 кіламетраў. Снежныя праталіны змяняюцца за акном голай зямлёй і шэрымі абшарпанымі будынкамі. Сёння Асвенцым, як і перад вайной, — невялікае мястэчка з колькасцю жыхароў у 40 тысяч. Тут шмат гаспадарчых і мэблевых крам, ёсць дзейная сінагога і сем касцёлаў. Музей у Аўшвіц-Біркенау штогод наведвае да аднаго мільёна чалавек.