У нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім па традыцыі завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Апісанне Хросту Езуса ў Ярдане існуе ва ўсіх трох сінаптычных Евангеллях, а асаблівую ўвагу звяртае на гэтую падзею св. евангеліст Мацвей.
У Евангеллі паводле Мацвея апавядаецца, што Езус прыйшоў з Галілеі над Ярданам да св. Яна, каб прыняць хрост ад яго. Але Ян спыніў Яго, прамовіўшы: «Гэта мне трэба хрысціцца ад Цябе». Аднак Езус хацеў выканаць усё тое, што было справядліва. Калі Езус выйшаў з вады, нябёсы адкрыліся і Дух Святы ў абліччы голуба сышоў на Яго, а голас з неба прамовіў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (пар. Лк 3, 21–22).
З гэтага ўрачыстага акту, ва ўзросце 30 год, Езус Хрыстус распачаў сваю місію навучання. Місію Хрыста пацвердзіў з неба сам Пан Бог, даўшы Яму сведчанне, што Езус — Сын Божы і мае права прамаўляць ад імені Пана.
Падзея Хросту Езуса стала таксама першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы у бачных постацях (трынітарная эпіфанія), калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечай постаці, а Дух Святы з’яўляецца ў абліччы голуба.
Тое, што ў выглядзе голуба на Езуса сапраўды сышоў Дух Святы, пацвярджаецца ў Евангеллі паводле Яна.
Акрамя гэтага, св. Ян, евангеліст, тлумачыць розніцу паміж хростам Яна Хрысціцеля і Хростам Езуса. Езус «хрысціў Духам Святым», удзяляў праз свой Хрост Духа Святога, Божае жыццё і асвячальную ласку. Ян Хрысціцель хрысціў вадой, што азначае сімвалічны акт пакаяння і прагнення духоўнага ачышчэння. Хрост, які ўдзяляў Ян, быў падрыхтоўкай да таго хросту, які пазней павінен быў здзяйсняць Хрыстус.
Евангеліст Ян дакладна ўказвае месца, дзе быў ахрышчаны Сын Божы: гэта адбылося ў Бэтаніі па другі бок Ярдану. У гэтым месцы працякаў паток, які ўпадаў у Ярдан.
Хрост, які здзяйсняў Ян Хрысціцель, адбываўся праз акунанне ў ваду, і гэтая форма да сённяшняга часу найчасцей практыкуюць Усходнія Цэрквы. У лацінскім абрадзе Каталіцкага Касцёла хрысцяць пераважна праз паліванне. Падобна таму, як вада ачышчае цела ад вонкавага бруду, так Бог у сваёй міласэрнасці праз хрост ачышчае сэрца чалавека ад унутранага бруду.
Cёння да водаў Ярдана па прыкладзе Хрыста прыязджаюць сотні пілігрымаў з усяго свету, каб аднавіць свой сакрамэнт хросту. Уздоўж ракі прыстасавана шэраг месцаў, выдзеленых для пілігрымаў для акунання.
Узнікае пытанне аб тым, чаму Хрыстус, які не меў граху, пажадаў прыняць хрост пакаяння з рук Яна. Такім чынам Сын Божы рыхтуецца прыняць на сябе ўвесь цяжар грахоў свету, а перад сваім публічным навучаннем хоча прыняць сімвалічнае ачышчэнне, а сваім вучням даць прыклад.