З 2013 года дзень 5 верасня прынята лічыць Міжнародным днём дабрачыннасці. У ААН заклікаюць усе краіны і арганізацыі, а таксама людзей добрай волі па ўсім свеце адзначыць гэты Дзень, садзейнічаючы дабрачыннасці.
Паводле задумы Генеральнай асамблеі ААН, гэты дзень павінен звярнуць увагу грамадскасці на ролю дабрачынных арганізацый і асобных людзей у пераадоленні агульначалавечых праблем і цяжкасцяў.
З гісторыі даты
Міжнародны дзень дабрачыннасці супадае з гадавінай смерці Маці Тэрэзы, якая прысвяціла сябе служэнню бедным і хворым. У 1979 годзе Маці Тэрэзе была ўручана Нобелеўская прэмія свету за яе ўклад у барацьбу з беднасцю.Манахіня аддала ўсе грошы абяздоленым у Індыі. У 2003 г. яна была абвешчана благаслаўлёнай, а 4 верасня 2016 г. далучана да спісу святых Рыма-Каталіцкага Касцёла.
Як адзначаюць у ААН, сёння, калі колькасць бежанцаў і пераселеных асобаў дасягнула рэкорднага ўзроўню з часу сканчэння Другой Сусветнай вайны, патрэба ў гуманітарнай дапамозе ўзрасла як ніколі, а дабрачыннасць адыгрывае ўсё больш важную ролю.
«Чалавек без міласэрнасці — халодны чалавек»
Дырэктар Нацыянальнага «Карытас» у Беларусі кс. Віталій Дабраловіч, які ўжо 10 гадоў працуе ў гэтай сферы, у размове з Catholic.by падзяліўся сваімі развагамі адносна дабрачыннасці:
На фота: сустрэча валанцёраў «Карытас-Гродна»
«Вельмі важна, каб чалавек, які займаецца дабрачыннасцю, меў унутранае перакананне ў жаданні дапамагчы. Чалавек без міласэрнасці — халодны чалавек. Калі ў цябе няма гарачага сэрца, то і той беспрытульны, які атрымлівае ад цябе матэрыяльную дапамогу, не адчуе цеплыні. А душэўная цеплыня вельмі важная.
З міласэрнасцю і гарачым сэрцам можна дастукацца да чалавека і пераканаць яго ў тым, што жыццё можна змяніць. Беднасць — гэта не толькі абставіны жыцця, гэта і нежаданне штосьці змяняць. Таму ў дабрачыннай дзейнасці важна памятаць, што рухавіком любога дзеяння павінна быць шчырае сэрца і дух сапраўднай цеплыні».
Вера і ўчынкі
На фота: валанцёры «Карытас-Віцебск» падчас наведвання пажылых людзей
Падчас канцэрта ў падтрымку хворых дзяцей, які арганізавала місія «Чыстае сэрца» (фота Марыны Валасар)
«Наша вера павінна быць бачнай у нашых учынках. Калі мы паважаем тых, хто побач з намі, то мы павінны ім дапамагаць», — лічыць кіраўнік моладзевай місіі «Чыстае сэрца» кс. Юрый Санько.
Святар адзначае, што для яго праца ў гэтай сферы стала адмысловай школай жыцця: «За час працы ў “Чыстым сэрцы” я адкрыў для сябе шмат новых жыццёвых старонак. Дэвізам нашай місіі з’яўляюцца словы “Разам мы можам зрабіць больш”. І гэта яднае нас у гэтай справе».