З 27 па 29 сакавіка ў кляштары сясцёр эўхарыстак, якія нясуць служэнне
пры браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, прайшлі
рэкалекцыі для дзяўчат з Браслава, Полацка, Астраўца, Слабодкі і Мінска.
У цэнтры малітваў і разважанняў быў урывак з Евангелля паводле Яна пра сустрэчу з самаранкай.
Удзел у святых Імшах, у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, катэхезах, праца ў групах спрыялі больш глыбокаму разуменню міласэрнай любові Бога. Удзельніцы мелі магчымаць падзяліцца сведчаннем сваёй веры.
У апошні дзень рэкалекцый дзяўчаты паведалі дом-інтэрнат для пажылых людзей, дзе выступілі перад пастаяльцамі са спевамі і сцэнкай, пачаставалі печывам і падарылі вырабы, змайстраваныя сваімі рукамі.
Гавораць удзельніцы рэкалекцый
«Тут было вельмі добра! Вельмі сяброўская і вясёлая атмасфера. Гэты час наблізіў мяне да Бога, з’явілася больш сяброў, цяпер я больш ўпэўненая ў сябе. Абавязкова прыеду ў наступным годзе яшчэ раз», — дзеліцца думкамі Алена Вайцяховіч з Аўстраўца.
«Разважанні над Божым словам, малітвы, гутаркі на розныя тэмы дапамаглі мне наблізіцца да Бога і бліжэй пазнаць Яго, — дадае Віталіна Дрывіцкая з Аўстраўца. — Прыгажосць браслаўскіх краявідаў проста захапляе! Хачу падзякаваць сёстрам і ўсім дзяўчатам за гэты час. Хацела б зноў вярнуцца сюды».
«Нашы сёстры ўклалі шмат сіл і любові ў гэтыя рэкалекцыі. Пасля катэхезаў змяніўся мой светапогляд. Я ўпэўнена, што кожнай дзяўчыне, якая была тут, цяпер будзе прасцей ісці па жыцці», — зазначае мінчанка Яна Чамярынская.
«Вельмi прыемна было пачаць школьныя канiкулы з Богам. Прыемна было праводзiць час разам з дзяўчатамі, якiя на тры днi сталi для мяне сапраўднымi сяброўкамi. Мне спадабалася ўсё: катэхезы, сустрэчы, супольныя малiтвы, атмасфера, якая аб’ядноўвала нас. Вялiкi дзякуй усiм сёстрам эўхарысткам, якiя былі з намі гэты час», — дзякуе Іна Сцефановіч з Браслава.
«На час рэкалекцый мы адмовіліся ад нашых тэлефонаў і камп’ютараў. Такім чынам з’явіўся час быць сам на сам, можна было спакойна думаць над тым, над чым не хапае часу дома. У такія моманты пачынаеш разумець, што неабходна “выключацца” ад свету і суцішвацца, слухаючы сваё сэрца. Гэта яшчэ адна магчымасць падумаць над жыццём…» — заключае Ганна Быхавец з Полацка.