Пошук


Ужо на працягу некалькіх месяцаў два разы на месяц у Віцебскай абласной бібліятэцы арганізоўваюцца публічныя лекцыі, прысвечаныя гісторыі Віцебска.

Лекцыі чытаюцца дзякуючы ініцыятыве выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Гэтым разам дзявятая лекцыя «Пад вобразам Спаса» была прысвечана асаблівасцям рэлігійнага жыцця Віцебска ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, а выступоўцамі былі выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава і Віцебскага дзяржаўнага Ордэна сяброўства народаў медыцынскага ўніверсітэта. Асобныя блокі лекцыі былі прысвечаны гісторыі праваслаўя, каталіцтва, уніяцтва і пратэстантызму ў Віцебску.


Пра  існаванне каталіцтва ў Віцебску ў гэты перыяд распавяла Кацярына Лаўрыненка, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава. У прыватнасці, выкладчыца адзначыла, што ўжо на пачатку XV стагоддзя тут існавала каталіцкая святыня, а акрамя Фарнага кацёла ў Віцебску пазней былі пабудаваны кляштары бернардынцаў, дамініканцаў, францішканаў, езуітаў, піяраў і трынітарыяў, некаторыя з іх разам з касцёламі.

Усяго перад першым падзелам Рэчы Паспалітай у 1771 г. у Віцебску, які на той час налічваў прыкладна 10 тысяч жыхароў, існавала, акрамя парафіяльнай святыні, шэсць манаскіх рыма-каталіцкіх  касцёлаў і два уніяцкія кляштары.

Кацярына Лаўрыненка адзначыла, што так званы «пабернардынскі» касцёл святога Антонія быў знішчаны напрыканцы 1950-х гг., але зараз Віцебская рыма-каталіцкая дыяцэзія актыўна працуе над пытаннем аднаўлення гэтай велічнай святыні. Дзякуючы адбудове гэтага касцёла будзе адноўлены, і такім чынам, атрымае завершаны выгляд архітэктурны ансамбль Ратушнай плошчы Віцебска.

Асобным пытаннем на лекцыі стала праблема ацэнкі выступленняў гараджан у Віцебску ў 1623 г., падчас якога быў забіты Язафат Кунцэвіч, біскуп і пакутнік. Сёння большасць няверуючых, абапіраючыся на савецкую гісторыю, негатыўна ацэньваюць дзейнасць святога.


Развейванню гэтых міфаў прысвяціла сваю частку выступлення Кацярына Лаўрыненка, якая таксама распавяла пра кручасты лёс рэліквій святога, які з’яўляецца адным з апекуноў Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.  

Працягам гэтай лекцыі паслужыць выступленне вядомага краязнаўцы Віктара Барысенкава, які на наступным пасяджэнні распавядзе пра архітэктурныя асаблівасці храмаў Віцебска, а таксама прадэманструе фотакалажы, на якіх «адноўлены» неіснуючыя сёння святыні горада.  

(KL), (IL)
      
          

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця