Пошук

29.05.2017 10:52   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

28 мая сталіца Палесся вітала на сваіх вуліцах жывога Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Традыцыйная штогадовая працэсія, прымеркаваная да свята Божага Цела, прайшла вуліцамі Пінска ўжо другі раз.

Раніцай у пінскай катэдры асабліва прыгожа. Таямнічыя старадаўнія муры яшчэ зусім крыху асвятляла сонца, трапляючы сваімі промнямі на выразныя скульптуры святых і прыгожыя рознастылёвыя абразы.

На першых лаўках сядзелі дзеці, якія тыдзень таму ўпершыню прынялі Езуса ў сваё сэрца. Святочнаўбраныя, яны рыхтуюцца да працэсіі. Спераду таксама бацькі маленькай Тэі Марыі, якая атрымае сёння хрост. А людзей у касцёле становіцца ўсё больш і больш…

Сведчанне, што Бог жывы

«Хрысціянін — гэта той, хто прымае навуку Хрыста, жыве ёю, кіруецца тымі прынцыпамі ў жыцці, якім нас навучыў Езус. Таму нашае заданне прыняць гэтую навуку, жыць ёй і збірацца разам у Касцёле. А часам трэба і пацярпець за Хрыста», — заўважыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падчас святой Імшы.

Узгадаўшы імёны знакамітых духоўных асоб, якія служылі на пінскай зямлі, сярод якіх кардынал Казімір Свёнтэк, св. Андрэй Баболя і біскуп Зыгмунт Лазінскі, іерарх яшчэ раз нагадаў пра вялікую важнасць евангелізацыі ў сённяшнім свеце, заўважыўшы, што Эўхарыстычная працэсія — гэта таксама вялікае сведчанне, якое мы як хрысціяне даём іншым.

Працэсія прайшла ад катэдральнага касцёла да касцёла святога Бэнэдыкта. Чатыры алтары віталі вернікаў рознымі ўрыўкамі са Святога Пісання, у якіх нагадвалася, што толькі Езус з’яўляецца сапраўдным «хлебам жыцця» для кожнага.

«Пройдзем у гэтай працэсіі, каб хрысціянская вера квітнела ў сэрцы як мага большай колькасці людзей», — заўважыў кс. Андрэй Рылка каля першага працэсійнага алтара.

Памаліўшыся, крочым далей. Мінакі рэагуюць з цікаўнасцю. Хтосьці проста назірае, хтосьці пачынае здымаць на камеру, як гэта часта бывае. Мы не ведаем, што думаюць гэтыя людзі, але, пэўна ж, Бог штосьці ім праз гэтую працэсію скажа. Можа не адразу, можа пасля… На гэта Яго воля. Але зерне ўжо кінута…

Для верніцы Вольгі Егеравай з Пінска працэсія Божага Цела — вялікая радасць. Вось ужо другі год запар яна ў ёй удзельнічае. Гэтая падзея нагадвае Вользе пра пілігрымку да Маці Божай Чэнстахоўскай, у якой яна ўдзельнічала некалькі гадоў таму.

Езус ідзе да кожнага

«Божа, калі мы Цябе ставім на першае месца, то Ты клапоцішся пра штодзённы хлеб. Калі ж мы не выбіраем Цябе і да Цябе не звяртаемся, то няма і гэтага штодзённага хлеба. Навучы нас жыць Тваімі запаведзямі. Дай нам спазнаць Тваю навуку, любіць Касцёл святы, любіць Цябе ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі», — прамовіў кс. Пётр Бялевіч ОМІ каля другога алтара.

Вера не паддаецца кампрамісам, тым больш у гэтым няроўным змаганні са злом, калі любы, здавалася б маленькі грэх, любое пустаслоўе можа прывесці да вялікага падзення. Ля чарговага алтара кленчым перад Езусам. Гэты жэст для кагосьці проста жэст, а для кагосьці — шлях да навяртання…

«Мы жывём у новыя часы, часы свабоды веравызнання. З кожным годам павялічваецца колькасць касцёлаў і капліц, а значыць і колькасць месцаў, дзе цэлебруецца святая Імша, дзе Хрыстус у Эўхарыстыі прыходзіць да нас. І гэта вялікі дар. Аднак мы не заўсёды яго адэкватна ўспрымаем. Не кожную нядзелю і свята спяшаемся на святую Імшу, не часта прыступаем да святой Камуніі, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Сучаснымі касцёламі часта становяцца стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкі і іншыя месцы адпачынку. Сённяшняя Эўхарыстычная працэсія яшчэ раз паказвае, што нават калі мы адкідваем Езуса і не спяшаемся да Яго, то Ён ідзе да нас, па нашых вуліцах. Такім чынам Касцёл імкнецца звярнуць увагу на бясцэнны дар Эўхарыстыі.  Пане Езу, прабач нам усе занядбанні любові да Цябе», — задумваемся над разважаннямі каля чарговага алтара.

Некалькі кіламетраў шляху і мы амаль што на месцы. Чарговы алтар і чарговае разважанне. Кошыкі ў дзяўчат у белых сукенках амаль што пустыя — усе пялёсткі для таго самага Госця.

«Сёння мы маем магчымасць прымаць нязвыклага госця — Езуса Хрыста, які выйшаў са святыні, каб прайсціся вуліцамі нашага горада, каб паглядзець, дзе мы жывём, як мы жывём, і каб ведаць, аб чым прасіць для нас у Нябеснага Айца. Выйшаў той самы Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, хадзіў па палесцінскай зямлі, які памёр і ўваскрос. Ці верым мы ў гэта?» — далучаемся да разважанняў ля чацвёртага алтара.

Яшчэ некалькі соцень метраў і вось ужо з высокага навеснага маста мы бачым касцёл святога Бэнэдыкта. Просім у Бога міласэрнасці для горада і яго жыхароў у малітве Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Каля касцёла дзякуем Богу за гэтую працэсію і атрымліваем пастырскае благаслаўленне ад біскупа Антонія.

Шлях у некалькі кіламетраў праз увесь горад, у спякоту… Такі доўгі і такі кароткі, каб сэрца адчула, што Хтосьці яго заўсёды чакае — у Найсвяцейшым Сакрамэнце…

Марына Валасар
Фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 17.08.2017 15:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця