Пошук

22.05.2017 00:00   Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

20 мая ў санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Іванаве прайшла ўрачыстасць з нагоды свята св. Андрэя Баболі, якое адзначаецца 16 мая. Святы Баболя лічыцца апекуном Пінскай дыяцэзіі.

У Імшы, якую ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка, прынялі ўдзел святары і кансэкраваныя асобы Пінскай дыяцэзіі.



Як адзначыў біскуп Пінскі, санктуарый св. Андрэя Баболі ў Іванаве — гэта багатая рэлігійная, духоўна-культурная і матэрыяльная спадчына Касцёла і народа.

«Рэліквіі святога захоўваліся ў гэтым месцы нават у часы пераследу, калі святыня выкарыстоўвалася як клуб, — нагадаў іерарх. — Асаблівасць навакольных мясцін у тым, што яны сталі месцам апошняга душпастырства святога сярод палешукоў. Тут ён быў схоплены, тут пралілася яго мучаніцкая кроў. Санктуарый паўстаў для духоўных патрэбаў жыхароў Палесся, а таксама выконвае важную ролю ў жыцці мясцовай парафіі, наваколля і рэгіёну».

Біскуп дадаў, што часам можа скласціся ўражанне, быццам святы Баболя — постаць з далёкага мінулага, але гэта не так, бо «з’яўляецца носьбітам тых духоўных каштоўнасцяў, якія цэняцца ў кожнай гістарычнай рэчаіснасці».

«Ён блізкі нам праз вернасць і адвагу, праз любоў да Бога і бліжняга, блізкі праз тое, што, не клапоцячыся празмерна пра сябе, клапаціўся пра іншых, быў руплівы ў Божай справе, — падкрэсліў біскуп. — Блізкі нам праз ахвяру, складзеную з уласнага жыцця, якая з’яўляецца выразам найвялікшай любові».

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ››

Як адзначыў біскуп Антоні, у гонар святога Андрэя Баболі — «атлета Хрыста» — папа Пій ХІІ нават напісаў спецыяльную энцыкліку.
Пінскі ардынарый падрэсліў, што святы Андрэй Баболя, «які памёр больш за тры з паловай стагоддзі таму, прамаўляе да людзей трэцяга тысячагоддзя».

«Ён для нас — прыклад непахіснай веры, якая не адступае і не гіне нават у неймаверным цярпенні, — сказаў біскуп. — Веры, якая не баіцца пагроз і катаванняў, якая не вагаецца пакласці на вагу нават тое, што для кожнага найдаражэйшае, — жыццё».

Напрыканцы сваёй гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў маліцца аб заступніцтве апекуна Пінскай дыяцэзіі.

«Ёсць многа сілаў у сучасным свеце, якія хочуць высмеяць веру, падарваць аўтарытэт Касцёла, які веру абвяшчае і абараняе. Перад выклікамі сучаснага свету нам нельга забываць, што вера — гэта каштоўны скарб. Няхай святы Андрэй Баболя будзе для нас правадніком на шляху ўдасканалення і ўмацавання веры», — зазначыў біскуп Антоні Дзям’янка.

(cath)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 25.09.2017 15:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця