Традыцыйная штомесячная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі, якая адбылася 23 лютага ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, мела ў гэты раз своеасаблівую нагоду.
30-ю гадавіну святарства адзначыў кс. Тадэвуш Волас SCI, шматгадовы душпастыр дыяцэзіі. Маладым святаром на пачатку 1990-х ён быў запрошаны кардыналам Казімірам Свёнткам, каб служыць Касцёлу на Палессі.
Народжаны таксама на Палессі, у памежнай з Беларуссю польскай Владаве, кс. Тадэвуш добра разумеў мясцовую культуру і ментальнасць. Пасля кароткага побыту ў парафіі ў Лельчыцах на Гомельшчыне святар распачаў сваё служэнне ў якасці пробашча ў Ляхавічах, дзе яму прыпала гістарычная місія кіраваць будаўніцтвам новага парафіяльнага касцёла.
Пасля служэння ў Баранавічах і будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла для парафіі ў в. Лясная апошнія гады кс. Тадэвуш Волас служыць у Мазыры — сталіцы ўсходняга Палесся. Як адзначыў біскуп Антоні, віншуючы святара з 30-годдзем пасвячэння, служэнне кс. Тадэвуша на кожным месцы адзначалася вялікай руплівасцю, самаадданасцю і вернасцю Хрыстоваму закліку несці Евангелле ўсім.
На святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, прысутнічалі таксама вернікі з розных парафій, якія адмыслова сабраліся, каб павіншаваць кс. Тадэвуша Воласа з гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння, а таксама ўзнесці да Бога ўдзячную малітву за святароў і кансэкраваных асобаў, якія верна служаць Касцёлу на Палессі.