Пошук

15.02.2017 11:50   Ілья Лапато / Catholic.by

Такіх альбомаў, як піша media-polesye.by, засталося толькі тры ў свеце, пры гэтым пінскі альбом — самы поўны. Гэлена Скірмунт была каталічкай і шэраг яе прац былі прысвечаныя духоўнай тэме.

У ліку прадстаўленых прац сярод іншага — нагрудныя крыжы, замаляваны ёю унутраны дворык францішканскага касцёла ў Пінску, а таксама касцёл Карла Барамея 1868 года.

Малюнак касцёла Карла Барамея ў Пінску 1868 г. 

«Гэлена рабіла крыжы сама, як нацельныя, так і насценныя. Напрыклад, у касцёле ў Янаве Палескім вісіць метровы крыж яе аўтарства, які скульптар ахвяравала ў гэты касцёл, — распавёў Catholic.by куратар выстаўкі і загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Беларускага Палесся Дзмітрый Казак. — Замаляваны ёю касцёл Карла Барамея ўжо ў той час быў закрыты, таму на малюнку — толькі абрысы святыні».

Нагрудны бронзавы крыж 1865 г.

Выстаўка прац Гэлены Скірмунт экспануецца ў музеі Беларускага Палесся да 10 сакавіка. Экспазіцыя складаецца з двух частак. Першая — арыгіналы 14 літаграфій Напалеона Орды, зробленыя пры яго жыцці. Другая — альбом фотаздымкаў работ Гэлены Скірмунт.

Як піша media-polesye.by, у творчасці знакамітай ураджэнкі Піншчыны назіралася чатыры накірункі: хрысціянская тэматыка, скульптура, партрэты вядомых людзей таго часу і гісторыя Палесся і ВкЛ.

Гэлена Скірмунт (1827-1874) была пляменніцай Напалеона Орды і шмат працавала як скульптар і жывапісец. У 1930-х па ініцыятыве дачкі мастачкі Казіміры Скірмунт быў створаны фотакаталог яе прац, якім займалася фатограф Юзэфа Булчак.

Жанчыны-паляшучкі з-пад Давід-Гарадка, 1855 г.

Паводле слоў Дзмітрыя Казака, сёння вядома толькі пра тры экземпляры такога фотакаталога: у Пінску, у Вільнюсе і ва Уроцлаве.

Пры гэтым, як адзначыў музейны спецыяліст, пінскі альбом найбольш поўны ў параўнанні з іншымі, бо ў ім захавалася 49 лістоў. Для параўнання: літоўскі варыянт захаваў толькі 4 лісты альбома, а польскі — 26 лістоў.

Гісторык дадаў, што беларускі экземпляр фотаальбома музейшчыкі выявілі ў сваіх фондах выпадкова. Гэта адбылося ў 1999 годзе падчас пераезду ў новы будынак.

Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.