Пошук

30.01.2017 08:30  

У суботу 28 студзеня супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адзначыла ўспамін свайго нябеснага заступніка — святога Тамаша Аквінскага.

У верасні 1925 года, калі адбывалася адкрыццё семінарыі, Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі разам з калегіяй фарматараў і прафесараў выбраў менавіта гэтага святога нябесным апекуном духоўнай установы ў падрыхтоўцы будучых святароў для Касцёла ў Беларусі.



Сёлета ўрачыстую святую Імшу з нагоды патранальнага свята ўзначаліў рэктар духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка. У гаміліі святар нагадаў клерыкам пра геніяльнасць і веліч асобы святога Тамаша. Сярод шматлікіх заслуг «анёльскага доктара», як часта называлі гэтага святога пазнейшыя аўтары, рэктар звярнуў увагу на яго ўменне сумясціць у сваім жыцці генія-інтэлектуала з вялікай глыбінёй і пакорнасцю веры.



Добра гэтую цноту св. Тамаша выражае адзін з яго жыццёвых дэвізаў, пра які навучэнцам семінарыі нагадаў рэктар: «Пазнаць тое, у што належыць верыць, каб распазнаць тое, чаго належыць жадаць, і дзякуючы гэтаму разабрацца ў тым, што належыць чыніць».



Урачыстая літургія скончылася малітвай аддання супольнасці семінарыі апецы св. Тамаша Аквінскага і Маці Божай Фацімскай.


Святы Тамаш Аквінскі (1225 – 1274) — італьянскі каталіцкі філосаф і тэолаг-схаласт, належаў да манаскага ордэну дамініканцаў. Доктар Касцёла, якога называюць таксама «анёльскім доктарам». У 1879 годзе прызнаны найбольш аўтарытэтным каталіцкім рэлігійным філосафам. Стваральнік знакамітых пяці доказаў існавання Бога.

Святы Тамаш стаў заснавальнікам найбольш вядомага кірунку ў сярэднявечнай схаластыцы — тамізму. Памёр 7 сакавіка 1274 г. у цыстэрцыянскім абацтве ў Фасанове, з’яўляецца апекуном студэнтаў і тэолагаў.


Дыякан Андрэй Багдановіч
Фота семінарыста Уладзіслава Козела



Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа