13 лістапада біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў юбілейных святынях у Пінску, Лагішыне, Баранавічах і Брэсце, што належаць да Пінскай дыяцэзіі.
«Хрыстус — адзіны Пан часу і гісторыі. Ён адчыняе і ніхто не можа зачыніць. Ён замыкае і ніхто не можа адчыніць», — такія словы прамаўляе Святы Айцец падчас цырымоніі адкрыцця і закрыцця святых брамаў у ватыканскіх базыліках у Рыме. «Гэтыя словы гучаць таксама перад урачыстасцю Хрыста, Валадара Сусвету, і звяртаюць нашую ўвагу на асобу Збаўцы», — падкрэсліваў іерарх у юбілейных святынях перад закрыццём у іх Брамаў Міласэрнасці.
«Святы Ян вельмі лаканічна сфармуляваў, кім ёсць Бог: “Бог ёсць Любоў”. Юбілейны Год Міласэрнасці даў нам магчымасць увайсці ў глыбіню гэтай праўды. Той, хто з’яўляецца валадаром часу і гісторыі, той, у чыіх руках знаходзіцца мінулае, сучаснасць і будучыня свету і чалавека, з’яўляецца Міласэрным Богам. Ён — Бог, які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення стаў чалавекам. За нас памёр на крыжы, (…) а ў хвіліну ўваскрасення паказаў нам, у чым сэнс жыцця. Уся Асоба Езуса, усё, пра што Ён кажа — гэта спеў пра Божую Міласэрнасць», — адзначыў іерарх.
Біскуп Антоні Дзям'янка нагадаў таксама, што кожны чалавек «створаны для таго, каб быць добрым». «Бог зробіць усё, каб мы былі добрымі. У адпаведны час і рознымі спосабамі Ён прыгадвае нам, што мы створаны на Яго вобраз і падабенства, і менавіта таму з’яўляемся добрымі. Калі праз грэх мы становімся на баку зла, Бог чакае нашага навяртання. Ён чакае цярпліва і заўсёды сустракае нас з радасцю», — падкрэсліў ардынарый Пінскай дыяцэзіі і ўказаў, што менавіта гэта адбываецца ў сакрамэнце пакаяння і з’яўляецца вынікам прыняцця Эўхарыстыі. «Мы не можам затрымаць гэтай праўды толькі для сябе. Будзем дзяліцца з іншымі радасцю, што вынікае з яе», — заклікаў іерарх.
У дзень закрыцця Брамаў Міласэрнасці ў касцёлах Беларусі і свету біскуп Пінскі нагадаў пра канкрэтныя заданні, якія застаюцца на сумленні кожнага — быць міласэрнымі: галодных накарміць, падарожных прыняць, вязняў суцешыць, хворых адведаць, грэшнікаў настаўляць, засмучаных суцяшаць, крыўду ахвотна дараваць, маліцца за жывых і памерлых…
«Міласэрнасць з нашага боку — гэта сведчанне пра тое, што Бог ёсць. А колькі бедных людзей, не знайшоўшы дапамогі і разуменя, засумняваліся ў існаванні Бога! І наадварот, колькі ж бедных знаходзіць радасць і прагу да жыцця дзякуючы сведчанню чалавечай дабрыні! Падобна таму, як у першай палове ХХ стагоддзя свету неабходна было аб’яўленне Божай Міласэрнасці, так і сучаснаму свету патрэбна сведчанне людзей, якія паверылі ў Міласэрнага Бога і прынялі запрашэнне быць міласэрнымі. Давайце ж і мы з радасцю і даверам адважымся прыняць гэтае заданне», — заклікаў ардынарый удзельнікаў святых Імшаў у Лагішыне, Баранавічах і Брэсце.