18 чэрвеня парафіі у Жлобіне адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Маці Божай Каралевы Свету. Асвячэнне здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Новы касцёл пабудаваны ў гатычным стылі. Аўтар праекта — В. Катэрлі. 18 снежня 2011 года пляцоўку пад будаўніцтва касцёла ў раёне аквапарку асвяціў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У скіраваным слове пінскі ардынарый звярнуў увагу на вялікую працу і высілкі, якія ўчыніў кс. Андрэй Марэц SAC разам з парафіянамі на працягу чатырох гадоў пры пабудове святыні ў Жлобіне.
У Жлобіне пакуль ёсць толькі адна каталіцкая парафія – Святога Казіміра, якая размяшчаецца ў капліцы. У перспектыве магчыма рэгістрацыя новай парафіі Маці Божай Каралевы Свету.
«Сёння нашыя сэрцы перапаўняюцца вялікай радасцю, — сказаў у гаміліі падчас святой Імшы, звяртаючыся да ўсіх прысутных на асвячэнні, біскуп Антоні Дзям’янка. — Мы цэлебруем Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў новай святыні. Яе будаўніцтва было галоўнай справай усёй парафіяльнай супольнасці і дыяцэзіі. Прысутнасць біскупа на сённяшняй урачыстасці – гэта не толькі абавязак, непасрэдна вынікаючы з кананічнага права і літургічных прадпісанняў, але і знак таго, што пастыр прабывае разам са сваёй аўчарняй. Я хачу запэўніць вас у тым, што ўся дыяцэзія радуецца гэтаму дню, бо яго значэнне пераўзыходзіць межы парафіі».
«Мы хочам усвядоміць: што ж адбываецца тут у гэтую доўгачаканую хвіліну? Мы ўдзельнічаем у кансэкрацыі новай святыні. Гэта значыць, што ў новы дом уваходзіць Гаспадар – Бог, — патлумачыў пінскі ардынарый. — Гэта для Яго мы пабудавалі дом. А навошта? Таму што мы ведаем, кім ёсць Бог. Ён ёсць Эмануэлем, Богам з намі. Ён аб’явіў нам гэту праўду ў Езусе Хрысце, які для нас і нашага збаўлення стаўся чалавекам».
Іерарх дадаў, што «касцёл з’яўляецца месцам, дзе мы сустракаемся з Тым, хто сам ёсць Любоўю», «касцёл пастаянна нагадвае нам аб вечных каштоўнасцях». «Мы пакінем гэту святыню нашчадкам для таго, каб, калі замоўкнуць людзі, камні прамаўлялі. Але будзем маліцца, каб людзі не маўчалі аб сваёй веры. Будзем маліцца за святароў, бо дзякуючы іх служэнню ў сваім доме прабывае Гаспадар – Бог», — адзначыў біскуп.
«Касцёл — дом нашых малітваў, і мы самі з’яўляемся домам Бога, — нагадаў іерарх. — Як Божы дом мы будуемся ў гэтым свеце, каб пры яго заканчэнні былі асвечаныя».
«У Жлобіне, амаль на беразе Дняпра, вы супольна збудавалі касцёл, каб тут цэлебравалася Эўхарыстыя, каб Езус са сваім народам быў дзень і ноч, у хвіліны радасці і падчас выпрабаванняў, цярпенняў, няшчасцяў і таксама ў звычайныя шэрыя хвіліны вашага жыцця», — сказаў пінскі ардынарый.
Біскуп нагадаў, што касцёлы з’яўляюцца месцам святкавання Божага Нараджэння, Вялікадня, Спаслання Духа Святога, урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, святаў Панны Марыі; сюды вернікі трыходзяць на маёвыя, чэрвеньскія і ружанцовыя набажэнствы. Таксама, дадаў іерарх, касцёлы — месцы, дзе захоўваецца памяць аб памерлых. «Як пачатак веруючага чалавека пачынаецца з хрысцільні, таксама і яго заканчэнне, смерць, пахаванне адбываюцца ў цені касцёла. Таму ў святыню ўпісваецца гісторыя чалавека, людзей, якія яго наведваюць», — патлумачыў пінскі ардынарый.
Іерарх дадаў, што касцёл «з’яўляецца месцам памяці, але і месцам надзеі — дакладна захоўвае мінулае і адначасова адкрывае перад чалавекам будучыню, не толькі даступную, зямную, але і вечнасці». «У касцёле мы вызнаём веру ў дараванне грахоў, уваскрашэнне цел і жыццё вечнае. Тут штодзённа жывём таямніцай лучнасці святых, бо касцёлы маюць сваіх апекуноў а многія, як і ваш, маюць апякункай Найсвяцейшую Панну Марыю», — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да вернікаў Жлобіна.
Біскуп пажадаў, каб гэтае святкаванне паспрыяла «памнажэнню Божай хвалы і нашаму збаўленню».
На заканчэнне св. Імшы парафіяне дзякавалі біскупу Антонію, а таксама
святарам, якія калісьці працавалі ў Жлобіне, а таксама кс. Андрэю Марцу
SAC — галоўнаму будаўніку святыні. Правінцыял айцоў палатынаў Адрыян
Галбас SAC, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці, у сваім слове на
заканчэнне Імшы падкрэсліў, што прысутнасць палатынаў у Беларусі
надзвычай важная.
На ўрачыстасць прыбыло шмат святароў:
палатынаў, а таксама дыяцэзіяльных святароў з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Сярод іх быў і Вышэйшы настаяцель правінцыі Звеставання Пана SAC.
Прысутнічалі таксама навучэнцы Вышэйшай Духоўнай семінарыі Таварыства
Каталіцкага апостальства ў Алтажаве, якія паходзяць з Беларусі, а
таксама навучэнцы семінарыі ў Пінску.
Апрача шматлікіх вернікаў,
на асвячэнне святыні прыбылі манаскія сёстры, прадстаўнікі мясцовай
улады і вернікі парафій, у якіх працуюць айцы палатыне.