Пошук

02.05.2017 16:05   Ілья Лапато / Catholic.by

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ з дакладам пра ўзаемадзеянне Касцёла і дзяржавы, пракаментаваў патрабаванні некаторых аддзелаў ідэалогіі прадастаўляць спісы вучняў нядзельных школ.

Ілюстрацыйнае фота

Паводле слоў іерарха, для катэхізацыі дзяцей выкарыстоўваюцца адпаведныя падручнікі, зацверджаныя касцёльнай уладай.

«Ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна», — падкрэсліў арцыпастыр.

Як адзначыў Мітрапаліт, вялікую занепакоенасць у яго выклікае патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі «прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць».

«Гэта нішто іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый», — абурыўся іерарх.

«Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: “А суддзі хто?” Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?»

Іерарх дадаў, што гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады — часта ў розных раёнах ставяцца розныя патрабаванні да інфармацыі аб дзейнасці рэлігійных арганізацый.   

«Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школе на факультатыўнай аснове, як гэта прынята ў многіх краінах свету, — зазначыў арцыбіскуп. — Ці ёсць сярод каштоўнасцяў, на якіх мы выхоўваем у школе дзяцей, духоўныя каштоўнасці? Яны актуальныя заўсёды і незамяняльныя ў працэсе выхавання маладога пакалення», — заключыў Мітрапаліт.

Ілья Лапато

Абноўлена 10.07.2017 16:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа