Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час», асобна згадаў служэнне ў каталіцкіх парафіях замежных святароў і выказаўся за рэформу закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый».
Іерарх падрэсліў, што многія палажэнні закона састарэлі і не адпавядаюць рэальнаму часу, а таму павінны быць перагледжаны.
«Пасля прыняцця закона ў 1992 годзе вырасла новае пакаленне людзей, якія па-іншаму ўспрымаюць свет і працэсы ў ім. Таму трэба па-новаму паглядзець на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі», — адзначыў арцыбіскуп.
Пра служэнне замежных святароў
Асаблівую занепакоенасць Мітрапаліт выказаў адносна служэння замежных святароў, многія з якіх атрымліваюць узгадненні на працу толькі на шэсць або на тры месяцы.
Іерарх адзначыў, што за апошнія 25 гадоў колькасць беларускіх святароў значна вырасла, дасягнуўшы адзнакі амаль у 400 чалавек. Аднак нават такой колькасці духоўнікаў для служэння недастаткова.
«Па невядомай прычыне Беларусь чамусьці баіцца замежных святароў. Але колькі касцёлаў ужо пабудавана і будуецца дзякуючы ім! Колькі пастырскіх і дабрачынных праграм ажыццявілі і далей ажыццяўляюць гэтыя святары!»
Арцыпастыр дадаў, што патрэбу ў служэнні святароў з-за мяжы мае не толькі Каталіцкі Касцёл, але і Праваслаўная Царква, а таксама іншыя веравызнанні.
Поўны тэкст даклада тут››
Пяцідзённы бязвізавы рэжым і святарскае служэнне
Таксама іерарх закрануў пытанне цэлебрацыі св. Імшы святарамі, якія прыязджаюць у Беларусь на тэрмін да пяці дзён на базе бязвізавага рэжыму.
Паводле слоў арцыбіскупа, на цэлебрацыю кожнай святой Імшы святару-замежніку патрэбен дазвол ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, які трэба аформіць своечасова — за месяц да мяркуемага візіту.
Але не ўсе замежныя святары, плануючы паездку ў Беларусь у бязвізавым рэжыме, пра гэта ведаюць.
«Штодзённая цэлебрацыя Імшы — абавязак кожнага каталіцкага святара, — адзначыў арцыбіскуп. — Каб атрымаць дазвол ад Упаўнаважанага, патрэбны час. Але ведаць загадзя пра ўсіх святароў, якія захочуць наведаць Беларусь як турысты, немагчыма», — сказаў іерарх.
Мітрапаліт заўважыў, што ў выніку сітуацыя выглядае наступным чынам: замежны святар можа прысутнічаць на Імшы як вернік, калі ж ён узначаліць літургію, то парушыць закон.
«У якім жа святле замежны святар будзе распавядаць пра Беларусь за мяжой? Я не ведаю ніводнай краіны ў свеце, дзе існуе падобная норма, калі замежны святар павінен прасіць дазвол ва ўлады на цэлебрацыю святой Імшы.
Калі мы хочам, каб за намі замацаваўся пазітыўны імідж, гэту норму трэба як мага хутчэй адмяніць, бо яна не адпавядае патрабаванням часу», — заключыў Мітрапаліт Кандрусевіч.