Пошук

03.10.2016 17:07  

Новы акадэмічны год распачынаем у кантэксце Года Святой Божай Міласэрнасці з заклікам «Будзьце міласэрныя, як Айцец ваш міласэрны», які працягнецца да 20 лістапада. І гэты заклік нас абавязвае, вызначаючы канкрэтныя абавязкі, а не з’яўляючыся папросту наступнай у пераліку ідэяй ці пабожным лозунгам.

Касцёл праяўляе вернасць свайму пакліканню, калі выходзіць насустрач чалавеку, а не толькі заклапочаны сабой, калі здольны выйсці на спатканне з чалавекам. Бо Бог нястомна выходзіць да нас і нахіляецца над намі з любоўю. Касцёл выходзіць насустрач чалавеку не толькі з маральным наказам, але са словам Евангелля, якое лечыць. І важна, каб дэвіз Года Міласэрнасці быў не толькі тэалагічнай ідэяй, але і новым успрыманнем Бога. Паводле св. Банавэнтуры, інтэлектуальнае пазнанне заўсёды ішло ў пары з любоўю. Бо толькі чалавек, напоўнены любоўю, можа сапраўды прыносіць добры плён. Таму няхай гэтая свядомасць таксама спадарожнічае вам у новым годзе фармацыі.

Міласэрнымі становяцца тыя, хто міласэрнасць спазнаў. Прыкладам для нас з’яўляецца св. Мацвей, мытнік, якому Езус не толькі аказаў сваю міласэрнасць, але, больш за тое, падарыў пакліканне. Думаю, што нашы новыя браты семінарыйнай супольнасці таксама маюць у гэтым досвед.

Семінарыя з’яўляецца зрэнкай вока біскупа. І калі гэта сапраўды так, то праз яго прызму мы глядзім на дыяцэзію і ўсё, што ў ёй адбываецца. І гэта погляд у будучыню — з надзеяй і ўдзячнасцю — на тых, хто ў семінарыі рыхтуецца да таямніцы Хрыстовага святарства. Хоць гэтая таямніца і будзе назаўсёды недасягальнай для нас.

Часам семінарыю мы называем домам зерня, бо тут развіваюцца і даспяваюць зёрны святарскіх пакліканняў, пасеяных у сэрцах маладых людзей рукой Божага Сейбіта.

Семінарыя — гэта незвычайная навуковая ўстанова. У ёй рыхтуецца семінарыст, пакліканы да місіі, якую вызначыў сам Бог. Семінарыя —асаблівае месца, дзе блізкая прысутнасць Бога і чалавека, які прызнаецца, што гэта яго дарога жыцця — пакліканне. Новы акадэмічын год — гэта яшчэ адзін шанс для пакліканых Богам, каб нанова розумам і сэрцам адкрыцца на шляху паклікання да святарства.    

Як зрэнка вока, семінарыя — гэта штосьці вельмі далікатнае, каштоўнае і вельмі чулае на многія працэсы. Тут недастатковы клопат выключна выхавацеляў і выкладчыкаў, але семінарыя павінна быць зрэнкай вока ўсяго лакальнага Касцёла, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, бо ад яе залежыць будучы лёс евангелізацыі і веры.

Гэты акадэмічны год мы распачынаем з часткова змененым складам выхавацеляў. І варта ўсвядоміць, што гэта ўжо 91 год ад паўстання семінарыі і 15 гадоў ад яе адраджэння. «Bonum initium est dimidium facti» («Добры пачатак — гэта яшчэ палова справы»), гаворыць лацінская прымаўка. Няхай жа гэта будзе добры пачатак, пачатак дабра. А семінарыйныя заняткі — гэта час падрыхтоўкі, каб быць святаром у сучасным свеце. Няхай гэта будзе час паглыблення веры, любові і ведаў. Дарагія навучэнцы, няхай вам спадарожнічае свядомасць падчас фармацыі, што вы вучні Хрыста. Па прыкладзе апосталаў пастаянна ўмацоўвайцеся ў сваім пакліканні.

Сёлета ў семінарыю мы прынялі восем навучэнцаў, восем сыноў. Давайце ж клапаціцца аб гэтых вучнях Хрыста і старацца, каб іх было яшчэ больш. Няхай гэта будзе заклікам для ўсіх дыяцэзіян, якія хочуць, каб наш Касцёл і далей развіваўся дынамічна, каб мы адчувалі сваю адказнасць за будучых святароў.

Прашу супольнасці дыяцэзіі, каб маліліся за семінарыстаў, каб Езус для іх быў Настаўнікам, каб яны наследавалі Яго і ішлі за Ім. І неабходна выпрошваць у Бога будучых сведкаў веры, якія б пазітыўна адказалі на голас Божага паклікання.

Молімся аб узмацненні ў веры. Бо без веры не добрая любоў, не добрае цярпенне, не добрая смерць і не добры час. Без веры ў Бога любоў — гэта ласунак, пустата, расчараванне, часам роспач, а цярпенне — гэта пракляцце, выпрабаванні і бунт. Бог нагадвае нам заўсёды аб сваёй любові да нас і заахвочвае, каб мы імкнуліся быць соллю зямлі і святлом свету. Мы павінны надаваць сэнс і смак чалавечым лёсам, асвятляць цемру, у якой, на жаль, губляецца мноства людзей.

Дарагія навучэнцы, быць тут, у семінарыі — гэта радасны час фармацыі, бо ў гэтай установе Пан асабліва блізка. І вы знаходзіцеся тут менавіта таму, каб пайсці за Ім далей. Час у семінарыі — гэта час паглыблення паклікання і пацвярджэння сваёй гатоўнасці да служэння. Няхай жа паглыбленне ведаў і малітвы будзе заданнем для вас у гэтым новым годзе фармацыі, а таксама шансам для сталення да свабоды і справядлівага жыцця. Няхай выхавацелі, выкладчыкі і ўсе іншыя працаўнікі семінарыі ствараюць тут атмасферу дома, у якім будзе панаваць клімат любові. Усім вернікам якія малітвай, ахвярай падтрымліваюць нашу семінарыю, Божа, адудзяч.

З малітоўнай памяццю і благаслаўленнем:
+ У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа