6 жніўня, ва ўрачыстасць Перамянення Пана, у парафіі Перамянення Пана ў в. Негарэлае адбылося асвячэнне новай святыні. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, Мітрапаліт сказаў, што на мапе Мінска-Магілёўcкай архідыяцэзіі з’явіўся такім чынам яшчэ адзін касцёл як месца спаткання чалавека з Богам.
Іерарх выказаў шчырую падзяку ўсім, хто паспрыяў будаўніцтву гэтага касцёла: вернікам, якія вельмі актыўна імкнуліся да мэты мець сваю святыню, Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і, якая рэалізавала гэты праект, прадстаўнікам дзяржаўнай улады за дазвол на будаўніцтва, дабрадзеям, спонсарам, архітэктарам і будаўнікам.
Разважаючы над сцэнай Перамянення Пана, апісанай у Евангеллі, Мітрапаліт адзначыў у гаміліі: «Сваім Перамяненнем Езус рыхтаваў апосталаў да цяжкіх выпрабаванняў. Падчас Перамянення на гары Табор разам з апосталамі прысутнічалі таксама Майсей і Ілля, якія размаўлялі з Езусам пра Яго блізкую крыжовую смерць. Майсей – вялікі даўца Божага закону, а Ілля – вялікі прарок. Тады з нябёсаў прагучаў голас Бога: “Гэта Мой Сын умілаваны, Яго слухайце”. Такім чынам распачаўся пераход ад Старога Запавету да Новага».
![]()
Арцыпастыр дадаў, што Перамяненне Езуса мела вялікае значэнне як для Яго самога, так і для апосталаў. Да гэтага часу, адзначыў іерарх, Езус быў вядомы як выдатны прамоўца і цудатворца, цяпер жа Ён павінен быў пайсці на Кальварыю, таму «Перамяненне на гары Табор стала як быццам уводзінамі ў Яго славу, якую Ён атрымаў у пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і Уваскрасення».
«Словы Пятра, што ім там было добра, сведчаць аб тым, што апосталы не хацелі пакінуць гару Табор. Не хацелі яны таксама чуваць разам з Езусам у Гетсіманскім садзе. Не хацелі быць разам з Ім, калі Ён быў арыштаваны, і разбегліся.
Кожны з нас можа ідэнтыфікаваць сябе з імі, бо на гары нашай кар’еры ці шчаслівага жыцця мы таксама хацелі б застацца назаўсёды. Аднак жыццё пражыць – гэта не поле перайсці. У жыцці чалавека шмат выпрабаванняў. Мы часта падобныя да апосталаў і ўцякаем ад цяжкасцяў. Забываемся, што Хрыстус не абяцаў нам сад з ружаў, але аліўны сад і цярновую карону. Хрыстус кажа, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, то павінен узяць свой крыж і следаваць за Ім», — звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт назваў сімвалічным тое, што асвячэнне новага касцёла адбываецца ва ўрачыстасць Перамянення Пана, бо «першаснае заданне Касцёла – духоўна перамяняць чалавека і весці яго шляхам збаўлення», а «маючы на ўвазе тое, што чалавек грэшны, уцякае ад жыццёвага крыжа, неабходна ўвесь час папраўляць яго жыццёвы шлях, каб ён адпавядаў Божаму плану».
Абраз Перамянення Пана ў галоўным алтары новага касцёла
Нагадваючы, што Перамяненне Пана стала «тым досведам, які рыхтаваў апосталаў да будучых выпрабаванняў», іерарх дадаў, што святая Імша – Эўхарыстыя – гэта «таксама перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса»; «яна ўмацоўвае нашы духоўныя сілы і рыхтуе да пераадольвання цяжкасцяў».
![]()
Звяртаючыся да парафіян, арцыпастыр сказаў: «Дарагія вернікі Негарэлага, вы так доўга чакалі, каб мець свой касцёл, у якім будзе цэлебравацца Эўхарыстыя. Нарэшце ва ўзнёслай радасці вы можаце паўтарыць разам са св. Пятром: “Пане, як добра нам тут быць”. Сапраўды добра, бо тут у слове Божым, сакрамэнтах, перад усім у Эўхарыстыі, ёсць Хрыстус». Мітрапаліт дадаў, што «менавіта Хрыстус умацоўвае ў жыццёвых цяжкасцях, каб мы заўсёды маглі казаць, што нічога нас не аддзеліць ад Божай любові, якая стала бачнай у Езусе Хрысце, які жыве ў сваім Касцёле».
У парафіі Перамянення Пана ў Негарэлым працуюць айцы місіянеры Святой Сям'і. Пробашчам парафіі, якая ў гэтым годзе адзначае свой 10-гадовы юбілей, з'яўляецца а. Дзяніс Шастаковіч MSF.
![]()
Руплівы святар гуртуе вакол сябе руплівых парафіян, якія за вельмі хуткія тэрміны змаглі пабудаваць каталіцкую мясціну там, дзе яе ніколі не было. Іх руплівасць і еднасць праяўляліся і ў дзень асвячэння: спачатку ў прывітальных спевах, якія не змаўкалі, потым падчас літургіі.
Кожную нядзелю ў святыні збіраеца больш за 50 вернікаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у рэлігійным і касцёльным жыцці.
«У Негарэлым Бог жыве», — кажуць парафіяне, гэтыя словы паўтарыў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы. Мясцовыя вернікі разам з пробашчам — сапраўдныя сведкі гэтых слоў.
(AG), (AYU)
Фота Аксаны Ючкавіч







