
30 жніўня ў Гродне адбудзецца святая Імша ў 35-ю гадавіну смерці ксяндза інфулата Міхала Арановіча, генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, святара, які ў савецкі час быў духоўным апекуном горада. Яго 59-гадовае служэнне, перарыванае ссылкай і пераследаваннямі, стала падмуркам для каталіцкай супольнасці на Гродзеншчыне.
Святая Імша адбудзецца ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) ў 19.00. Гадзінай раней (у 18.00) вернікі змогуць памаліцца пры магіле святара на старых гродзенскіх могілках. Да ўдзелу запрашаюцца як парафіяне, так і духавенства — памяць гэтага душпастыра лічаць важнай не толькі для Гродзенскай дыяцэзіі, але і для ўсёй краіны.
Ксёндз Міхал Арановіч нарадзіўся ў 1907 годзе ў Рудцы (цяпер тэрыторыя Польшчы), у 1932 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ад віленскага арцыбіскупа Рамана Ялбжыкоўскага. Святарскі лёс ксёндза Міхала вёў праз парафію ў Каменцы, дзе ён быў спачатку вікарыем, а потым і пробашчам. Пасля было вайсковае капеланства, інтэрнаванне ў Літве і вяртанне на ранейшае месца. Аднак галоўны этап пачаўся ў 1948 годзе, калі яго прызначылі капеланам у Гродне, а праз два гады, пасля закрыцця ўладамі пабрыгіцкага касцёла, ксёндз Арановіч перанес Найсвяцейшы Сакрамант у пабернардынскі касцёл — менавіта туды, дзе і пройдзе памінальная Імша.
У 1951 годзе святар быў арыштаваны савецкімі ўладамі і да 1953 года знаходзіўся ў ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Пасля вяртання ўзначаліў пабернардынскі касцёл, стаў дэканам і генеральным вікарыем дыяцэзіі. З 1961 года, пасля высылкі пробашча фарнага касцёла, абслугоўваў і гэтую святыню, хоць улады дазвалялі праводзіць там Імшу толькі некалькі разоў на год.
Пасля смерці айца францішканіна Аркадзія Вальтаса ксёндз Міхал Арановіч быў адзіным каталіцкім святаром у Гродне да 1976 года, калі прызначылі яшчэ аднаго пробашча. У цэлым 40 гадоў з яго служэння прыйшлося на горад над Нёманам.
У 1979 годзе папа Ян Павел II надаў ксёндзу Міхалу Арановічу тытул прэлата, а ў 1990 годзе — інфулата. Святар адыйшоў у вечнасць 30 жніўня 1991 года.
Ксёндз Міхал быў адным з тых, хто, нягледзячы на найцяжэйшы перыяд атэізму, захаваў каталіцкую духоўнасць горада.







