Пошук

05.04.2026 19:21   Фота: Мікіта Яфрэмаў / Catholic.by

5 красавіка, у Велікодную нядзелю, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў  цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святкаванне «свята святаў» распачалося рэзурэкцыйнай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах, прылеглых да катэдры. Пасля працэсіі вернікамі быў адспяваны старажытны ўрачысты гімн «Цябе Бога праслаўляем» і адбылося благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Чытанне з Евангелля паводле святога Яна яшчэ раз нагадала аб праўдзівасці  і намацальнасці Пасхальнай таямніцы: Хрыстус сапраўды ўваскрос, яго гроб пусты (пар. Ян 20, 1-9), і гэта падмурак веры і надзея кожнага хрысціяніна.

У сваёй велікоднай  гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што Уваскрослы Хрыстус — гэта святло, якое перамагае не толькі смерць, але любую цемру.

«На Вялікдзень, у першы дзень тыдня раніцай, Бог сказаў: “Няхай будзе святло”. Гэтай раніцы папярэднічала ноч на Аліўнай гары, пакуты і смерць Езуса... Жыццё мацнейшае за смерць, дабро мацнейшае за зло, любоў мацнейшая за нянавісць, праўда мацнейшая за хлусню», — прагучала ў прамове.

Арцыпастыр навучаў, што Хрыстус вызваляе нас ад смерці і тым самым вызваляе ад усялякіх чалавечых страхаў з-за хваробы, цярпенняў, несправядлівасці. Акрамя гэтага, Уваскрасенне Хрыста пераадольвае межы ў нашым рэлігійным жыцці, усяляе адвагу ў спалоханыя сэрцы.

«”Я з вамі! Не бойцеся!” Іншымі словамі, “Я ёсць Бог, мая адвага — гэта вашая адвага”. Уваскрослы Хрыстус прапануе нам тыя ж дары, і каб іх атрымаць, як вучыў Папа Францішак, трэба наблізіцца да Хрыста, дазволіць Яму дакрануцца да нашага сэрца. І тады мы становімся маладымі маладосцю Езуса, найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету!»,

— акцэнтаваў прыгажосць блізкіх адносін з Богам арцыбіскуп.

Прамоўца працытаваў словы Папы Льва XIV: «Уваскрасенне — гэта не помста і не адплата ворагам. Гэта цудоўнае сведчанне таго, як любоў можа паўстаць пасля паразы».

«Будзем жа сведкамі сапраўднай веры ва Уваскрослага Пана. Няхай Эўхарыстыя — пасхальная гасціна, якая ўслаўляе збаўчую моц Хрыста, — умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас»,

— сказаў арцыпастыр і заклікаў жыць і дзяліцца сведчаннем пра Хрыста.

Завяршылася цэлебрацыя ўрачыстым благаслаўленнем, удзеленым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім супольна з архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі.

 
Абноўлена 05.04.2026 23:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа