29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам дыяцэзіі Табаікары. А 1 лютага 2014 года ён атрымаў біскупскае пасвячэнне.
З нагоды 12-годдзя біскупскага служэння Старшыні ККББ арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якое будзе адзначацца 1 лютага, на Youtube-канале PAX TV выйшла першае вялікае інтэрв’ю з іерархам.
PAX TV — гэта праект, які знаёміць аўдыторыю з духоўным і матэрыяльным светам. Яго заснавальнікам і вядучым з’яўляецца ксёндз канонік Юрый Санько — каталіцкі святар, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску.
«Апостал» — гэта першы выпуск з маштабнага цыклу дакументальных інтэрв’ю з ключавымі фігурамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Падчас інтэрв’ю, якое на відэа доўжыцца 2 гадзіны, ксёндз Юрый імкнуўся раскрыць асобу, пазнаць шлях узрастання ў веры і думкі галоўнага героя — беларускага іерарха — праз глыбокія пытанні і дыялог. Разам с арцыбіскупам ён наведаў месцы, дзе будучы арцыпастыр нарадзіўся і вырас. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі расказаў гісторыю свайго жыцця і служэння, а таксама пра тое, як зараз выглядае яго звычайны дзень.
Інтэрв’ю атрымалася дынамічным, сучасным, а галоўнае — сумленным. Гэта цэлае падарожжа па значных месцах жыцця героя — ад двара дзяцінства да працоўнага кабінета.
Як сям’я арцыбіскупа адрэагавала на яго рашэнне пайсці ў духоўную семінарыю? Як змянілася яго жыццё пасля таго, як ён стаў Мітрапалітам? Дзе ён жыве і як выглядае яго звычайны дзень? Які галоўны жыццёвы прынцып Мітрапаліта?
На гэтыя і іншыя пытанні можна атрымаць адказы падчас прагляду відэаінтэрв’ю.
Цытаты Мітрапаліта, узятыя з інтэрв'ю
1. «Калі мы будзем дбаць пра крыж, то і Хрыстус пра нас задбае».
2. «Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам і Бога з чалавекам».
3. «Самай прыгожай, добрай мелодыяй з'яўляецца цішыня. У цішыні мы чуем мелодыю нашага сэрца».
4. (У семінарыі, пасля таго, як празваніў званок) «Гэта званок — голас Божы: распачаўся новы дзень!»
5. «Як дзяржава, так і Касцёл, Царква — гэта сям'я сем'яў».
6. (Аб функцыі рэктара семінарыі) «Гэта служэнне, а не ўлада».
7. «Мы не памятаем дабро, бо яно не пакідае рубцоў, а памятаем зло, бо дзесьці штосьці балела і нейкі знак застаўся. (…) Мы павінны боль і цярпенне на пяску запісваць, а дабро выкоўваць на граніце, на камені, каб яго сапраўды памяталі».







