
Рух «Сужэнскія сустрэчы» ужо больш за 20 гадоў актыўна праводзіць рэкалекцыі для сужонкаў і духоўных асобаў у Беларусі. Важнай падзеяй у гэты адвэнтавы перыяд чакання Збаўцы стала стварэнне цэнтра руху ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Праз дар дыялогу рух дапамагае парам і кансэкраваным асобам знаходзіць шляхі ўмацавання адносін, пераадольваць крызісы рознай ступені цяжкасці, аднаўляць эмацыйную блізкасць, цеплыню і ўзаемапаразуменне.
Галоўнай мэтай стварэння цэнтра з’яўляецца клопат пра тое, каб важнае служэнне магло дасягнуць як мага большай колькасці сем’яў і кансэкраваных асобаў на Гродзеншчыне.
Адказнасць за развіццё і служэнне цэнтра ўзялі на сябе сужэнскія пары: Віталій і Ганна Пацэнкі, Уладзімір і Іна Крупенкі, Андрэй і Ганна Высоцкія.
Сужэнскія пары, адказныя за развіццё руху «Сужэнскія сустрэчы» ў Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэліся з мясцовым біскупам Уладзімірам Гуляем. Падчас сустрэчы яны падзяліліся навінамі і планамі служэння, а таксама атрымалі пастырскае благаслаўленне на далейшую працу з сем’ямі і кансэкраванымі асобамі.
Адметнай рысай працы руху «Сужэнскія сустрэчы» з’яўляецца тое, што пасля перажывання рэкалекцый сужэнствы і кансэкраваныя асобы маюць магчымасць далей штомесяц сустракацца ў так званых «малых групах», практыкуючы дыялог у сваіх рэальных адносінах і штодзённым жыцці.
У Гродне такая «малая група» ўжо на працягу шасці гадоў дзейнічае пры парафіі Божай Міласэрнасці. У планах на бліжэйшы год — адкрыццё яшчэ адной групы. Гэта ўнікальная магчымасць для сем’яў і кансэкраваных асоб свядома клапаціцца пра свае адносіны — з Богам, з сабой і з іншымі людзьмі, паглыбляць іх і аднаўляць радасць быцця разам.
Ужо запланаваныя чарговыя рэкалекцыі для сем’яў і кансэкраваных асоб па ўнікальнай праграме, якія адбудуцца 6–8 сакавіка ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» ў г.п. Рось (Гродзенская вобласць).
Больш падрабязная інфармацыя і запіс па тэлефоне: 8029-652-11-44.

















