Пошук

24.10.2016 15:09  

З 16 па 23 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай адбыліся святыя місіі. Іх праводзілі айцы рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.

Апошні раз святыя місіі ў гэтай парафіяльнай супольнасці праходзілі ў 2000 годзе, таму для парафіян гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Падчас місій адбываецца аднаўленне веры, вернікі маюць магчымасць больш навярнуцца да Бога.

На працягу гэтых васьмі дзён праводзіліся навукі для дзяцей, моладзі, бацькоў, пажылых людзей і хворых. Кожны дзень у малітоўных сустрэчах удзельнічала вялікая колькасць парафіян і жыхароў Гродна.

Праграма місій прадугледжвала дзень пакуты, калі пробашч парафіі а. Антоні Пажэцкі OFMConv ляжаў крыжам каля алтара, каб перапрасіць Бога за свае грахі і грахі парафіі. Таксама святар папрасіў прабачэння за свае грахі ў парафіян. Шмат у каго гэта выклікала слёзы на вачах.

Падчас святых місій сужэнцы парафіі мелі магчымасць аднавіць шлюбныя абяцанні. Таксама быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых.



У апошні дзень парафіяльных місій перад касцёлам быў асвечаны крыж у памяць аб місіях — відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную дату ў гісторыі парафіі. Вернікі, трымаючы ў руках крыжы, вызнавалі, што гаспадаром іх жыцця з'яўляецца Хрыстус. Айцы місіянеры заахвочвалі ўсіх удзельнікаў літургіі верна крочыць за крыжам Езуса Хрыста, бо ён з'яўляецца знакам надзеі і збаўлення.

«Не бойцеся крыжа!» – гэтыя словы прамовіў місіянер, заахвоціўшы ўсіх сабраных мець адвагу ў кожным месцы і ў кожны час рабіць знак крыжа, тым самым вызнаючы сваю веру і даючы сведчанне прыналежнасці да Касцёла.

Айцец Валерый Мазюк падчас Імшы на заканчэнне місій заклікаў вернікаў абвяшчаць Божае слова сваім родным, суседзям, жыць паводле Божых запаведзяў і не саромецца сваёй веры. Місіянер адзначыў, што кожны хрысціянін праз прыняцце сакрамэнту хросту абавязаны абвяшчаць Евангелле ў сваёй супольнасці.

«Сёння Бог кажа кожнаму з вас ісці і абвяшчаць Божае слова на ўвесь свет. Тваім светам з'яўляецца сям'я, у якой ты жывеш, месца, дзе працуеш ці вучышся», — адзначыў а. Валерый Мазюк.



Для многіх вернікаў святыя місіі сталі часам, калі яны мелі магчымасць спыніцца на некалькі дзён і паглядзець на пражытае жыццё праз прызму Евангелля, а таксама аднавіць і ўзмацніць сваю веру. Гэта знак таго, што чалавек прагне нястомна развівацца і ісці наперад. За духоўнае ўзрастанне і жаданне паглыбляць сваю веру прысутным на місіях падзякаваў пробашч парафіі. «Дзякую Пану Богу за дар кожнага чалавека і прагну, каб працягвалі верна трываць у Хрысце», – дадаў а. Антоні Пажэцкі.

Напрыканцы Імшы вернікі атрымалі благаслаўленне ад айцоў рэдэмптарыстаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святых місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.

Місіі – гэта серыя духоўных практыкаванняў, навук і набажэнстваў, якія накіраваны на духоўнае адраджэнне парафіі.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця