Пошук


У Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia» («Радасць любові»), прысвечанай тэме сям’і, Папа Францішак кажа пра неабходнасць інтэграцыі несакрамэнтальных сужэнстваў у касцёльную супольнасць, а таксама пра пошук магчымасцяў для іх удзелу нават у сакрамэнтальным жыцці.

Адгартацыя ўжо знайшла свой водгук — па ўсім свеце біскупы разам з душпастырамі робяць напрацоўкі па рэалізацыі рэкамендацый Пантыфіка. І ў той жа час Касцёл заўсёды надаваў важнасць працы з нарачонымі і сужэнцамі, каб не дапусціць распаду сем’яў.

Пра душпастырства сем’яў у Касцёле ў Беларусі на прыкладзе адной парафіі Catholic.by паразмаўляў з кс. Юрыем Жэгарыным, пробашчам парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.


Душпастырства сем’яў як прафілактыка разводаў

«Цяпер, калі крызіс сям’і набывае іншыя памеры, душпастырская апека сем’яў для Касцёла становіцца адным з галоўных прыярытэтаў. Вялікім рэхам на сям’і адбіваецца перш за ўсё глыбокі духоўны крызіс. У такой сітуацыі, — тлумачыць кс. Юрый Жэгарын, — менавіта душпастырства можа быць адзіным паратункам і падтрымкай для хрысціянскай сям’і, якая раней ці пазней зведае крызіс узаемаадносін».

Святар падкрэслівае, што кожная сям’я, асабліва тая, якой пагражае разарванне адзінства, можа разлічваць на дапамогу ў Касцёле, на індывідуальны душпастырскі падыход.


«Душпастырства тут таксама прадугледжвае стварэнне адпаведных умоў для інтэграцыі хрысціянскіх сем’яў з мэтай узаемнай падтрымкі і дзялення досведам сужэнскага жыцця. Такія ўмовы забяспечваюць сямейныя сустрэчы, рэкалекцыі».


Клапаціцца пра сям’ю ад яе вытокаў

У парафіі Святога Міхала ў Навагрудку, зрэшты, як і ў іншых парафіяльных супольнасцях, абавязковымі з’яўляюцца падрыхтоўчыя сустрэчы для нарачоных. Кожная пара мае магчымасць звярнуцца да святара за духоўнай парадай і падтрымкай.


У бліжэйшы час, як паведаміў ксёндз Юрый Жэгарын, у навагрудскай парафіі плануецца прымяніць новыя формы душпастырства адносна сем'яў.

На пачатковых этапах душпастырства, як адзначае святар, даволі складана заўважыць і ацаніць плёны працы.

«Любая духоўная размова з сям’ёй, якой, можа, нават не пагражае развод, спрыяе яе ўмацаванню. Такія духоўныя сямейныя размовы часта ўзнікаць спантанна, пры якой-небудзь іншай нагодзе, і даюць нечаканыя, добрыя плёны. Не так даўно дзякуючы сужэнскім рэкалекцыям, якія праходзілі сёлета ў Навагрудку, адбылося паяднанне сям’і, якой сапраўды пагражаў развод», — падзяліўся кс. Юрый Жэгарын.


«Ва ўзрастанні да сакрамэнту сужэнства»

«Дзякуючы адгартацыі “Аmoris Laetitia” Папы Францішка Касцёл у Беларусі атрымаў яшчэ адзін моцны імпульс, каб больш засяродзіцца на душпастырстве несакрамэнтальных саюзаў і дзейсна рэалізоўваць заклік Пантыфіка.

Людзі, якія перажылі развод і цяпер жывуць у адзіноце, заўсёды маюць магчымасць атрымаць персанальную духоўную падтрымку і параду святара».

Адначасова Касцёл прадугледжвае сепарацыю для сужэнцаў у выпадку сужэнскай здрады або маральнай ці фізічнай пагрозы жыццю сужэнца або дзяцей. Атрымаўшы сепарацыю (неабходна звярнуцца ў дыяцэзіяльную курыю), такія асобы, не будучы ў разводзе, жывуць асобна і пры ўмове захавання чыстасці могуць прыступаць да сакрамэнту пакаяння і прымаць святую Камунію.

У некаторых выпадках (напрыклад, калі сужэнцы жадаюць неадкладна атрымаць развод) душпастыры могуць параіць пажыць некаторы час паасобку, каб паглядзець на праблему, якая ўзнікла ў адносінах паміж сужэнцамі, здалёк і з большым спакоем. Бо нярэдка пасля разводу людзі шкадуюць, што разышліся, і прагнулі б ізноў жыць разам, а гэта ўжо не заўсёды магчыма.

У адгартацыі Папа Францішак, нягледзячы на пануючы крызіс сямейных каштоўнасцяў у свеце, робіць націск на прыгажосць сужэнскай любові і сямейнага жыцця.

«У гэтым дакуменце прыемна здзіўляе, што Святы Айцец дае шмат канкрэтных практычных парадаў, заклікаючы душпастыраў суправаджаць несакрамэнтальныя пары “ва ўзрастанні да сакрамэнту сужэнства”».


Каб падкрэсліць вартасць і прыгажосць сямейнага жыцця, мінулай вясной навагрудская парафія Святога Міхала Арханёла выступіла ініцыятарам правядзення ў Навагрудку фестывалю сям’і. «Ініцыятыву падтрымала мясцовая ўлада. Мноства сем’яў, у тым ліку шматдзетных, мелі магчымасць паказаць, што нашы сем’і, незалежна ад веравызнання, адкрыты на супольныя акцыі, мэта якіх — сведчанне прыгажосці сямейных адносін і бацькоўства», — адзначыў святар.


Валянціна Грамыка

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця