Пошук

30.09.2016 16:30   Grodnensis.by

Сёлета душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі «OPEN» адзначае 10-гадовы юбілей свайго існавання. З гэтай нагоды ўвечары 29 верасня ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася святая Імша падзякі за дар супольнасці.

Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, у ёй прынялі ўдзел душпастыр моладзі кс. Антоній Грэмза і шматлікія вернікі: цяперашнія члены супольнасці і яе «старажылы».

На пачатку Эўхарыстыі кс. Антоній Грэмза наблізіў сабраным сутнасць душпастырства:

«OPEN» — гэта розныя людзі: студэнты, працоўная моладзь, сем'і, нашы сябры з Нігерыі, і менавіта тут мы вучымся падтрымліваць адзін аднаго ў розных сітуацыях і, нягледзячы ні на што, заставацца з Богам».

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падкрэсліў важнасць дзейнасці моладзевай супольнасці:

— 10 гадоў — магчыма, гэта мала ў жыцці Касцёла ці чалавека, але гэта многа для дзеючага душпастырства. Вы адказныя за абвяшчэнне Евангелля. Як казаў Папа Францішак на Сусветных днях моладзі ў Кракаве, не трэба быць «канапавымі» людзьмі, трэба дзяліцца радасцю, думаць пра бліжняга, памятаць, што ад вас пачынаецца новы свет. Кожны з вас з'яўляецца апосталам. Не забывайце пра гэта!

Пасля заканчэння набажэнства ўсе сабраліся на супольную сустрэчу, каб падзяліцца ўспамінамі і ўражаннямі ад 10 пражытых гадоў, поўных падзей. Падчас сустрэчы да моладзі ў чарговы раз звярнуўся яе духоўны кіраўнік кс. Антоній Грэмза:

— «OPEN» — гэта ўсё маё жыццё, я люблю ўсіх вас, заўсёды памятаю пра кожнага ў малітве. Няхай мы ўсе маем свае абавязкі, сваё месца ў жыцці, духоўна мы з'яўляемся адным цэлым, мы разам адкрытыя на Бога і бліжняга.

Душпастырства каталіцкай моладзі «OPEN» пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы існуе з 2006 года. На сустрэчы, якія праводзіць супольнасць, могуць прыходзіць не толькі католікі, але i прадстаўнікі іншай веры. Падчас сустрэч сабраныя размаўляюць на розныя тэмы, якія цікавяць моладзь.

Гэта можа быць разважанне аб сэнсе жыцця, дыскусія аб тым, як будаваць свае планы на будучыню, абмеркаванне жыццёвай сітуацыі, якой падзяліўся ўдзельнік, сумесны пошук вырашэння праблемы.

Абноўлена 04.12.2017 14:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця