З 19 па 24 жніўня ў Навагрудку праходзяць курсы-рэкалекцыі для сем’яў, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Святыя Імшы для ўдзельнікаў рэкалекцый праводзяцца ў фарным касцёле Навагрудка, дзе знаходзяцца парэшткі 11 сясцёр-мучаніц. Сёлета ў рэкалекцыях прымаюць удзел усе жадаючыя з Беларусі, у тым ліку навучэнцы «Школы сямейнага жыцця» з Гродна і Мінска, а таксама тыя, хто ўжо працуе кансультантамі пры парафіях.
На працягу гэтых дзён удзельнікі слухалі канферэнцыі на тэмы гіпнозу (чаму хрысціяне не могуць карыстацца гіпнозам і як гэта ўплывае на духоўны свет), нараджэння для неба (гаворка ішла пра чысцец і індульгенцыі), унутранага свету жанчыны (пытанні ЭКА, яго наступствы з пункту гледжання псіхалогіі, медыцыны і духоўнага развіцця дзіцяці).
Самай любімай часткай праграмы ўдзельнікі называюць «100 пытанняў да...», калі кожны мае магчымасць не толькі задаць пытанні на хвалюючыя тэмы, але і прыняць удзел у дыскусіі, выказаць свае думкі, падзяліцца ўласным вопытам, пацікавіцца досведам рэкалекцыяністаў.
У канцы дня ўдзельнікі маюць магчымасць паглядзець фільмы на тэмы, якія асвятляліся на працягу дня.
На рэкалекцыях вялікая ўвага надаецца не толькі працэсу навучання, але і духоўнаму аспекту: падмуркам духоўных практыкаванняў заўсёды з’яўляецца Эўхарыстыя, а таксама адарацыя. Штодзённа ў 15.00 праходзіць малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці, час для праслаўлення і падзякі Богу.
Большасць прысутных на рэкалекцыях з’яўляюцца іх пастаяннымі ўдзельнікамі з 2008 года і прыязджаюць сюды не толькі за новымі ведамі, але для адпачынку душы і «канікул з Богам», дзе чэрпаюць у Бога сілы для далейшага жыцця, служэння і працы.
Немалаважным фактам з’яўляецца тое, што бацькі могуць спакойна прымаць удзел у занятках — на рэкалекцыях працуюць няні, якія забаўляюць дзяцей.
Асаблівую падзяку ўдзельнікі рэкалекцый выказваюць сёстрам назарэтанкам за атмасферу ўтульнасці, цеплыні, добразычлівасці і любові.
Немагчыма апісаць усю радасць і захапленне, благаслаўленне, якое атрымліваюць тут удзельнікі рэкалекцый. Шкада, што не ўсе змаглі прыняць у іх удзел. Як сказаў адзін святар: «Як можна патлумачыць смак цукру чалавеку, які яго ніколі не спрабаваў?» Такое выказванне можна прымяніць і да рэкалекцый.