
У ноч з 24 на 25 снежня — святую ноч Нараджэння Пана — арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч маліўся з вернікамі парафіі Божага Цела ў Мінску.
Па запрашэнні айцоў кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў гэтай парафіяльнай супольнасці, заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы Пастэркі. Яе назва паходзіць ад лацінскага слова, якое ў перакладзе азначае «пастушок», бо менавіта пастушкі першымі пачулі ад анёлаў радасную вестку пра тое, што ў Бэтлееме нарадзіўся Збаўца свету, і адразу ж паспяшаліся туды, каб пакланіцца Яму.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку ўзгадаў, што Езус нарадзіўся ў хляве, бо для Юзафа і Марыі не знайшлося іншага месца, акрамя загону для жывёлы.
«Скончыўся Адвэнт, завяршыўся перыяд чакання і сёння мы з вялікай радасцю святкуем свята Божага Нараджэння. Гэта адна з найважнейшых падзей у гісторыі чалавецтва, бо Бог прыняў чалавечае аблічча ў асобе Езуса Хрыста і прыйшоў у свет, каб выратаваць чалавецтва з палону граху і смерці. Сёння Езус хоча нарадзіцца ў нашым жыцці», — сказаў іерарх, прапанаваўшы сабраным у святыні задумацца над тым, ці ў нашых сэрцах сёння ёсць месца нованароджанаму Збаўцы, які прыходзіць у свет. Пры гэтым ён заўважыў, што евангельскі аповед пра нараджэнне Езуса — гэта гісторыя Божай любові да грэшнага чалавека, а Божае Нараджэнне — гэта свята святла.

«Сапраўды, з нараджэннем Езуса боскае святло заззяла пасля многіх тысячагоддзяў цемры граху і безнадзейнасці. Гэта перадусім духоўная цемра, у якой ідзе барацьба з грахом, залежнасцю і спакусамі», — падкрэсліў заслужаны іерарх, дадаўшы, што Каляды — гэта таксама свята любові, радасці і міру.
«Нездарма анёлы, абвяшчаючы нараджэнне Хрыста, славілі Бога словамі: „Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі“. Анёльскі спеў сцвярджае, што сапраўдны мір на зямлі даступны толькі тым, хто выконвае волю Бога», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, назваўшы Божае Нараджэнне таксама святам надзеі.
Гэты аспект, на яго думку, асабліва актуальны ў перспектыве святкавання Юбілейнага года, які на Каляды распачаўся ў Каталіцкім Касцёле і праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
«Усе мы — пілігрымы да нябеснай Айчыны. У гэтым падарожжы нам даводзіцца пераадольваць шмат цяжкасцяў і складанасцяў. Аднак жывем надзеяй, што зможам іх паспяхова вырашыць. Надзея можа быць чалавечая і хрысціянская. Чалавечая грунтуецца на людскіх магчымасцях, якія, як вядома, абмежаваныя, а хрысціянская — на веры ў Бога, які ўсемагутны і ніколі нас не пакідае», — адзначыў заслужаны іерарх, падкрэсліўшы што Езус — прадказаны прарокамі Эмануэль — «Бог з намі».

«Душа чалавека адчувае голад пазнання мэты і сэнсу жыцця, а таксама Божай любові, якая збаўляе, прабачае і падтрымлівае. Яе наталяе праўда Божага Нараджэння, бо Бог з намі ва ўсіх жыццёвых абставінах: у Святым Пісанні, Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і дабрачыннай дзейнасці. Мы павінны дзяліцца з іншымі радасцю Яго прысутнасці, каб яны таксама Яго пазналі», — заахвоціў удзельнікаў Імшы іерарх.
Паводле яго, Каляды — гэта свята і адначасова выклік, бо штоод яны ставяць верніка перад складаным пытаннем: «Калі б Езус прыйшоў сёння, то як бы мы Яго прынялі? Можа, таксама адмовілі б Яму?..»
«Насамрэч, Ён прыходзіць і стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ці чуем Яго? Ці іх дзверы адкрытыя? Езус ужо дзве тысячы гадоў шукае ў нашым сэрцы месца, дзе мог бы нарадзіцца сваёй ласкай», — заўважыў іерарх, сцвердзіўшы што Божае Нараджэнне — гэта не толькі падзея мінулага, але таксама падзея сённяшняга дня.
«Адкрыем жа Яму дзверы нашых сэрцаў, каб Ён туды ўвайшоў, і мы маглі радасна ўсклікнуць: „Сёння нам нарадзіўся Збаўца, Езус Хрыстус, у якім наша надзея“», — заклікаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.





















