Пошук

19.08.2016 16:32  

18 жніўня Гродна сустрэў пілігрымаў, якія ў 24-ы раз накіроўваюцца з Беластока ў санктуарый Маці Міласэрнасці ў Вільнюсе. Як паведамляе партал grodnensis.by, у гэтым годзе ў пілігрымцы ўдзельнічае 350 вернікаў з Польшчы, што перавышае мінулагодні паказчык.

Сёлета пілігрымы нясуць с сабой рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі. Паводле слоў кіраўніка пілігрымкі, «гэта звязана з перажываннем Юбілейнага Года Міласэрнасці: кс. Міхал Сапоцька быў спаведніком св. Фаўстыны — манахіні, праз якую Хрыстус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці».

Таксама благаслаўлёны кс. Міхал пэўны час кіраваў духоўнай семінарыяй у Вільнюсе, куды ідуць пілігрымы.

Пілігрымаў у чарговы раз прывітаў пробашч пабернардзінскай парафіі кс. Антоній Ханько. «Новая хваля пабожных людзей завітала ў Гродна. І гэта менавіта тое ўмацаванне, якое нам неабходна», — сказаў святар.



Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся думкамі наконт пілігрымавання да Вострай Брамы.

Спадарыня Ванда з Кузніцы адзначыла, што ўжо 17-ы раз ідзе ў пілігрымцы, але за ўвесь гэты час яшчэ не паспела ацаніць бясконцасць цудаў Маці Божай, таму мяркуе, што пойдзе яшчэ разоў 17.

У сваю чаргу спадар Лукаш з Беластока распавёў, што першы раз вырушыў у пілігрымку да Маці Міласэрнасці менавіта з нагоды перажывання Года Міласэрнасці. Ім таксама кіравала моцнае жаданне ўбачыць усходнія землі Еўропы.

Традыцыйна ў 19.00 пілігрымы разам з гродзенцамі, якія іх сустракалі, сабраліся на святой Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа. 19 жніўня для пілігрымаў адбылася адмысловая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Спецыфіку беластоцкай пілігрымцы ў Вільнюс надае тое, што сярод удзельнікаў католікі з розных куткоў Польшчы і свету – у тым ліку з Варшавы, Кракава, Закапанэ, Любліна, Ольштына, Лодзі, Познані, Вроцлава, з Чэхіі, а таксама прадстаўнікі розных веравызнанняў.

За дзевяць дзён пілігрымы пераадолеюць каля 300 км, ідучы праз тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Два этапы пілігрымкі праходзяць праз Польшчу, чатыры дні вернікі ідуць праз Беларусь і тры — праз Літву. Самы кароткі этап пілігрымкі складае 21 км і ахоплівае трасу з Кузніцы Беластоцкай да Гродна, самы доўгі – 44 км – праходзіць па Беларусі, з Новага Двара да Радуні. Па традыцыі мінулых гадоў удзельнікі наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія знаходзяцца на іх шляху.

У Гродне да гэтай групы далучыліся каля 80 вернікаў з розных месцаў Беларусі, каб пілігрымаваць разам да мэты свайго шляху і паглядзець у вочы Панне Марыі, якая свеціць у Вострай Браме.

Паводле grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця