Пошук

24.12.2024 14:41   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Міколы Новікава

У вігілію Нараджэння Пана свой віншавальны зварот да вернікаў кіруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Не бойцеся!
Я абвяшчаю вам вялікую радасць, <…>
сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан
(пар. Лк 2, 10–11).

Умілаваныя браты і сёстры!

У бліжэйшыя дні Божага Нараджэння мы адправімся ў духоўную пілігрымку ў Бэтлеемскую пячору, каб знайсці Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях (пар. Лк 2, 12), каб пабыць там з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, святым Юзафам і пастухамі ў адарацыі Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14).

Божае Нараджэнне — гэта непаўторнае свята жыцця і надзеі. Таямніца, якую мы перажываем, дапамагае нам адчуць блізкасць Бога і адкрыцца на іншых людзей. Усіх нас любіць Бог, які з любові да кожнага з нас пажадаў жыць на зямлі: «з намі Бог» (пар. Лк 1, 22).

Бог прыходзіць, — як у той час, так і цяпер, — каб прынесці супакой людзям добрай волі. Ён пажадаў асвятліць складаныя чалавечыя шляхі, вырашыў падараваць радасць тым, каго ахапіў смутак. Хоць не ўсе пазналі Бога, які ляжаў на сене ў яслях, сваёю любоўю Ён вырашыў пераламіць ход гісторыі, клапоцячыся пра кожнага са сваіх дзяцей, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага» (пар. Ян 3, 16).

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам перш за ўсё здароўя, пастаяннага ўзрастання ў веры, вялікай радасці ад Нованароджанага, незнішчальнага багацця, духоўнага святла і спакою ў сэрцы.

Разам з арцыбіскупам Тадэвушам, біскупамі Юрыем і Аляксандрам выпрошваем заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа для кожнага і кожнай з вас.

Свае пажаданні суправаджаю пастырскім благаслаўленнем на Калядныя святы і на кожны дзень Новага, 2025 Юбілейнага года хрысціянства.

У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 24.12.2024 14:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця