Пошук

24.12.2024 13:29   Відэа: ТРК Пінск / Catholic.by

У вігілію Нараджэння Пана свой віншавальны відэазварот да вернікаў кіруе біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

ВІНШАВАННЕ
на ўрачыстасць Божага Нараджэння
Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

«Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння нагадвае нам,
што Езус — гэта наш супакой, нашая радасць, нашая моц і нашае суцяшэнне».
Папа Францішак

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Дарагія вернікі, людзі добрай волі!

Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння запрашае нас паглядзець на кожнага чалавека, а асабліва на сям’ю, як на бясцэнны дар з Неба. Сын Божы — абяцаны Адкупіцель — прыходзіць у гэты свет, каб вярнуць яму надзею на вечнае збаўленне, умацаваць веру, навучыць безумоўнай любові і ўзаемнай зычлівасці як фундаментальнай запаведзі, на якой грунтуецца «ўвесь Закон і Прарокі» (пар. Мц 22, 40).

У таямніцы бэтлеемскіх ясляў Бог, бясконцы ў міласэрнасці (пар. Эф 2, 4), схіляецца над чалавечай слабасцю, каб шырока адкрыць дзверы да крыніц Яго ласкі. Неабходна толькі адчыніць гасцінна Богу дзверы і прыняць дар Яго Сына. Так мы зробім найважнейшы крок насустрач Таму, хто прыходзіць, каб нас выбавіць ад путаў усялякага граху, зла і вечнай пагібелі.

Няхай Хрыстус — святло свету (пар. Ян 8, 12) — увойдзе ў кожны наш дом, каб рассеяць цемру непаразуменняў і слабасцяў. Няхай Бог Адкупіцель, які пажадаў аб’явіцца гэтаму свету праз дар Дзіцяці і Святой Сям’і, напоўніць душу кожнага чалавека цеплынёй той незямной любові, якая праменіцца з таямніцы бэтлеемскіх ясляў, а нязгаснае ззянне Бэтлеемскай зоркі няхай асвятляе кожны шлях і найлепшыя планы на будучыню.

Жадаю кожнаму з вас, браты і сёстры, перажыць невыказную радасць асаблівай сустрэчы з Хрыстом, які прыходзіць, каб быць «Богам з намі» (пар. Ап 21, 3). Зычу ўсім людзям добрай волі, каб гэтыя калядныя дні радасці і надзеі на парозе Новага, Юбілейнага, 2025 года ўмацавалі ўсіх нас той непахіснай надзеяй на перамогу дабра, справядлівасці і любові, якая напаўняла сэрцы Святой Сям’і з Назарэта, бэтлеемскіх пастушкоў і святых анёлаў — веснікаў новага часу.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, Божае Нараджэнне, 2024 г.

 

Абноўлена 24.12.2024 17:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа