Пошук

29.11.2024 11:11   Catholic.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам архідыяцэзіі Пастырскае пасланне на Адвэнт, які распачнецца сёлета 1 снежня.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАННЕ
на Першую нядзелю Адвэнту 2024 года

«Чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым» (Лк 21, 36).

Любыя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Сёння хочацца падзякаваць Пану Богу за тое, што дае нам магчымасць распачаць чарговы ў нашым жыцці Адвэнт. Адначасова хочацца пажадаць, каб гэты перыяд Адвэнту мы перажывалі як час удзячнасці за вялікія дары, атрыманыя ад Бога, і перш за ўсё як удзячнасць за самы каштоўны Дар, які атрымала чалавецтва: удзячнасць за Сына Божага, які стаўся чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення і які нарадзіўся з Дзевы Марыі.

Гэта таксама час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння — прыйсця нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Добра вядомае нам слова «адвэнт» паходзіць ад лацінскага слова adventus і азначае «прыйсце». Гэта час, калі мы як хрысціяне з надзеяй чакаем выканання абяцання Бога, які праз сваіх прарокаў абвяшчаў аб прыйсці на зямлю Месіі.

Адвэнт павінен быць часам духоўнай падрыхтоўкі да глыбокага перажывання праўды аб уцелаўленні Бога.

Многія з нас з-за сваёй занятасці ці абыякавасці перасталі заўважаць, што літургічны год — гэта наш «духоўны гадзіннік», які вызначае рытм хрысціянскага жыцця і ўводзіць пэўны парадак у практыцы нашай веры. Адвэнт — гэта час падвойнага чакання, але не пасіўнага чакання, а поўнага нашага ўдзелу.

Магчыма, за гэтыя 35 гадоў адраджэння нашай веры ў Беларусі мы ўжо настолькі прызвычаіліся да традыцый, звязаных з асноўнымі святамі, што ўжо не так глыбока іх перажываем. Але трэба змяніць і ажывіць такое стаўленне некаторых вернікаў, каб мы ўсведамлялі глыбокі сэнс усіх каталіцкіх святаў, асабліва асноўных, якімі з’яўляюцца Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Бо калі мы ведаем сэнс і каштоўнасць звычаяў і практык, калі мы ўсведамляем, дзеля Каго мы працягваем іх культываваць, то яны ніколі не стануць для нас звычайнымі.

Распачынаючы Адвэнт, варта памятаць, што ён дзеліцца на два перыяды. Першы — ад Першай нядзелі Адвэнту да 16 снежня — звязаны з чаканнем другога прыйсця Езуса Хрыста напрыканцы часоў. Знакі, што будуць папярэджваць другое прыйсце Пана, пра якія гаворыць нам Евангелле, няпростыя для зразумення. Аднак у іх будзе штосьці такое, каб праведныя вернікі заўважылі, што пачынаюць спаўняцца словы Божага прадказання. Таму Пан Езус заахвочвае сваіх вучняў да чування. Гэтае чуванне — своеасаблівае спалучэнне тугі па Езусу з пільным назіраннем за тым, што адбываецца навокал.

Мы, хрысціяне, ніколі не павінны думаць пра канец часоў як пра катастрафічнае здарэнне.

Для нас важна тое, што Сын Чалавечы прыйдзе і настане Божае Валадрства ва ўсёй паўнаце, з яго вечнай радасцю і блізкай прысутнасцю Пана. Менавіта так для вучняў Пана распачнецца радасць нябеснай хвалы. На кожнай Імшы мы вызнаем веру ў другое прыйсце Езуса, але ці сапраўды мы ў гэта верым? Калі так, то ў чым выяўляецца гэтая вера?

Мы не ведаем, калі Хрыстус зноў прыйдзе на зямлю, каб судзіць жывых і памерлых, але ў гэтае Яго прыйсце ўключаны таксама наш адыход. Езус тады таксама прыйдзе — канкрэтна да нас і па нас. Ці гатовыя мы да гэтай сустрэчы так, як мудрыя панны з Евангелля? Што мы прынясем на сустрэчу з Езусам?

Гаворка пра Яго прыйсце не мае на мэце напалохаць ці выклікаць у людзей жах. Святы Ян пісаў, што ў любові няма страху. Калі мы кагосьці любім, то мы чакаем яго і хочам быць з ім. Перыяд Адвэнту спрыяе таму, каб абудзіць у нас тугу па Богу, бо якая нашая туга, такая нашая вера і любоў.

Другі ж перыяд Адвэнту — з 16 па 24 снежня — звязаны з непасрэднай падрыхтоўкай да ўрачыстасці Нараджэння Пана. У гэты час варта задумацца над тым, кім для нас з’яўляецца Езус і як мы ўспрымаем Яго нараджэнне.

Магчыма, нарэшце прыйшоў час па-іншаму паглядзець на святы ў нашым дарослым жыцці.

Успомнім пастушкоў і мудрацоў, якія прыйшлі да Нованароджанага Пана: і адны, і другія нешта прынеслі з сабою, бо ў госці з пустымі рукамі не прынята ісці. Таксама не пасуе ісці на Імшу Пастэрку з пустым сэрцам. Што ж мы можам падараваць Езусу? Напэўна, Яму больш за ўсё падабаецца нашае асвячэнне і любоў. Нашаму асвячэнню служыць найперш споведзь і перапрашэнне за грахі, удзел у Раратах — святой Імшы, прысвечанай Маці Божай, якая нясе людзям найпрыгажэйшае святло — свайго Сына Езуса Хрыста. Чаму б не ўшанаваць Марыю нашым удзелам у Раратах? Чаму б не выбрацца на Рараты ўсёй сям’ёй? Чаму б не далучыць да гэтай малітвы малых дзетак?

Сустрэча з Езусам падчас раратняй Імшы з’яўляецца добрай нагодай як для дарослых, так і для моладзі і дзяцей, каб паглыбіць сваю веру. Каб правесці малодшых дзетак праз гэты перыяд літургічнага года, неабходны асаблівы клопат усёй сям’і, каб дома вяліся размовы аб праўдах веры, аб важнасці падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, каб быў сумесны ўдзел у Раратах, падрыхтоўка адвэнтавага вянка і яселек, развучванне калядак, а таксама заахвочванне прыняць пастановы на Адвэнт.

Хрысціяне чакаюць прыйсця Хрыста, і гэтая вялікая падзея з’яўляецца сутнасцю святаў.

Адвэнт павінен быць магчымасцю адчуць тое, што Бог прыходзіць. Трэба памятаць і пра тое, што Адвэнт з’яўляецца таксама для ўсіх нас добрым шанцам, каб пачаць змагацца з нашымі грахамі і слабасцямі.

Таму падчас Адвэнту праводзяцца парафіяльныя рэкалекцыі, якія служаць нашай фармацыі і фармаванню сэрца, а таксама натхняюць нас на шчырую споведзь.

Заахвочваю ўзяць удзел у гэтых духоўных практыкаваннях. Спадзяюся, што яны дапамогуць у пазітыўнай трансфармацыі нашай душы, мыслення і паводзінаў, а добра падрыхтаваная споведзь дапаможа нам у свята Нараджэння Пана прыняць прысутнага ў выглядзе хлеба Езуса ў чыстыя сэрцы. Бо як жа цяжка святкаваць Яго нараджэнне, не знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі! Не будзем жа адкладаць споведзь на апошні момант, і памятайма, што для Езуса больш важным з’яўляецца не бліскуча чысты дом, але чыстае сэрца. Вянок з чатырма свечкамі, якія сімвалізуюць чатыры нядзелі Адвэнту, гэта таксама своеасаблівы «гадзіннік», які адмярае час да нараджэння Езуса. Зялёныя галінкі нагадваюць нам пра дар жыцця, а свечкі — пра святло.

Адвэнт не з’яўляецца перыядам пакаяння, як Вялікі пост.

Адным з евангельскіх заклікаў на Адвэнт становяцца словы святога Яна Хрысціцеля: «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, а ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне» (Лк 3, 4–6).

Містыкі кажуць, што вера і любоў да Бога спеюць у цішыні. Паглядзім сёння на нашыя жыццёвыя шляхі, на тое, куды мы ідзем, чаго шукаем і каго слухаем. Сёлетні Адвэнт доўжыцца 24 дні. Таму заахвочваю ўсіх нас, каб мы на працягу гэтых практычна трох тыдняў кожны дзень свядома былі з Богам. Як гэта зрабіць? Гэтага можна дасягнуць, часта молячыся словам Божым, чытаючы добрую рэлігійную кнігу, молячыся Ружанец або слухаючы цікавыя духоўныя разважанні. Душу таксама трэба карміць, таму трэба сілкаваць яе чымсьці сапраўды карысным.

Паклапоцімся таксама пра нашых бліжніх. Давайце знойдзем для іх час. Завітаем да таго, каго даўно не бачылі, або патэлефануем таму, з кім даўно не размаўлялі, і, безумоўна, наведаем хворых і тых, хто не дае сабе рады з-за сваёй нямогласці ці калецтва.

Не забудзем таксама і пра міласціну. У старажытных традыцыях адвэнтавая міласціна патрабуючым матывавалася вельмі прыгожа. Касцёл заклікаў, каб у гэты адвэнтавы перыяд вернікі сваімі ахвяраваннямі падтрымлівалі асабліва дзяцей, удоваў, самотных маці і бяздомных. Не забывайце пра парафіяльную супольнасць, уключайцеся ў дзейнасць парафіі, у рухі, якія ўжо існуюць, і стварайце новыя. Каб заставацца моцнымі ў веры, недастаткова адных толькі асабістых малітваў і ўдзелу ў нядзельнай Імшы.   Мы прынялі хрост, а таму пакліканыя быць вучнямі і сведкамі Хрыста. Іншы чалавек — гэта заўсёды дар, а сапраўдная супольнасць дае падтрымку і сілу.

Пра гэта ясна гаворыць Папа Францішак: «Усе мы, хрысціяне, адказныя за місію Касцёла, кожны святар, кожны чалавек. Вядома, вы можаце спытаць: а што магу зрабіць я як кіроўца аўтобуса, як фермер, як рыбак?.. Тое, што павінны рабіць усе мы: сведчыць сваім жыццём і падзяляць адказнасць за місію Касцёла».

Належыць памятаць, што літургічны Адвэнт — гэта не толькі падрыхтоўка да Божага Нараджэння і сімвалічнага прыйсця Езуса, але таксама імкненне годна ўдзельнічаць у кожнай святой Імшы, у якой Ён сакрамэнтальна прысутнічае.

Бо «ў цэлебрацыі літургіі, — як пісаў Папа Бэнэдыкт XVI, — вырашаецца будучыня веры і Касцёла». Мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб сустрэча вакол алтара эўхарыстычнай Ахвяры стала для нас сустрэчай з Асобай укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. Няхай новы літургічны год, які распачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту, стане магчымасцю для ажыўлення рэлігійнага жыцця кожнай нашай парафіі, якая з’яўляецца эўхарыстычнай супольнасцю.

Адвэнт адкрывае нам таямніцу Бога, які дае нам надзею. Бог праз Езуса Хрыста з’яўляецца крыніцай спакою, якога так прагне сэрца чалавека. Менавіта ад Яго мы атрымліваем усе ласкі і дары, неабходныя нам для годнага жыцця і духоўнага развіцця.

Праз малітоўнае чуванне, добрыя ўчынкі і міласціну мы зможам падрыхтавацца не толькі да святаў Божага Нараджэння, але таксама і да Святога Года — Юбілейнага 2025 года хрысціянства.

Папа Францішак заахвочвае нас: «Папросім Пана <…>, каб Ён усё больш набліжаў нас да Яго таямніцы на шляху, якім Ён хоча, каб мы ішлі: на шляху пакоры, добразычлівасці, убоства і ўсведамлення ўласнай грахоўнасці. Ён прыходзіць, каб выратаваць нас, вызваліць нас. Няхай Пан дасць нам гэтую ласку».

Прыйдзі, Пане Езу, напоўні нас Тваімі дарамі, каб змаглі мы праз адвэнтавае чуванне выпрасіць Тваю міласэрнасць, спакой і згоду паміж людзьмі.

На плённнае пражыванне Адвэнту ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 24 лістапада 2024 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Душпастырам належыць абвясціць гэты ліст вернікам 1 снежня 2024 г., у Першую нядзелю Адвэнту.

Абноўлена 29.11.2024 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа