Пошук

09.07.2016 00:05   Ілья Лапато / Catholic.by

Юбілею 25-годдзя Касцёла на Гродзеншчыне быў прысвечаны даклад ксяндза каноніка Антонія Грэмзы, зачытаны перад вернікамі, якія прыбылі ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай 8 ліпеня.

Урачыстасці ў Тракелях сёлета прысвечаны 25-годдзю заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча.



У пачатку свайго выступлення кс. Антоні растлумачыў значэнне слова «юбілей» і падрабязна распавёў пра традыцыю святкавання Юбілейнага Года для хрысціян, спыніўшыся на сёлетнім Юбілейным Годзе Міласэрнасці.

«Бягучы год заклікае не толькі засяродзіць нашу ўвагу на тым, што мы атрымалі з Божай ласкі, але і скіроўвае на тое, што варта выправіць шкоду і аднавіць новую дарогу да міласэрнасці і паяднання», — падкрэсліў святар.
«Юбілейны Год для хрысціян – гэта час ласкі, і ён з’яўляецца вынікам не арыфметычных падлікаў, а Божых пастаноў, адлюстраваннем якіх і ёсць аб’яўленне Святога Года Папам Францішкам, сучасным Наступнікам Хрыста», — адзначыў кс. Антоні.

Святар дадаў, што «Бог не вымярае час гадзінамі і календаром, таму што "ў Яго вачах адзін дзень, як тысяча гадоў або як учарашні дзень, які прайшоў"».

«Кожны святар – дар для Касцёла»

Гаворачы пра святароў, якія нясуць сваё служэнне ў дыяцэзіі, кс. Антоні падкрэсліў, што за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі вырасла цэлае пакаленне духавенства і свецкіх асобаў, якім старэйшае пакаленне перадало скарб веры і любові да Касцёла.


Сёння ў дыяцэзіі нясуць служэнне 213 святароў, з якіх 54 з’яўляюцца манахамі; існуе 16 мужчынскіх і 21 жаночая манаскія супольнасці.

«Кожны святар з’яўляецца дарам для Касцёла, і разам усе святары пад кіраўніцтвам свайго біскупа з’яўляюцца духоўнай сілай Касцёла», — сказаў ксёндз канонік.
Па словах кс. Антонія Грэмзы, «мясцовы Касцёл можа дзякаваць Богу за дар сакрамэнтальнага святарства ў асобе тых святароў, якія перажылі час атэізму, у асобе святароў з Польшчы, якія прыйшлі, каб дапамагчы суседняму Касцёлу ў Беларусі, а таксама дзякаваць за дар святарства тых святароў, якія былі падрыхтаваны ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне».

Як адзначыў кс. Антоні, за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі колькасць святыняў узрасла з 85 да 148.



«Пасля поўнага спусташэння вернута і адрамантавана 29 касцёлаў, асвечаны 34 новыя святыні. Акрамя таго, у дыяцэзіі адкрыта шэсць філіяльных касцёлаў, два рэктаральныя, 84 капліцы, на сёння будуюцца тры касцёлы», — заўважыў дакладчык.
Святар дадаў, што найбольшы дынамізм у сакральным будаўніцтве Гродзенскай дыяцэзіі адбываўся ў дэканатах Гродна-Захад, Гродна-Усход, Лідскім і Шчучынскім.



«Акрамя інтэнсіўнага адраджэння парафіяльнага жыцця, 25-гадовы перыяд быў таксама часам інтэнсіўнай знешняй працы і ўзаемнага здзяйснення душпастырскіх праграм, правядзення наведванняў парафій копіямі цудадзейных абразоў, якія спрыялі знешняму прабуджэнню веры ў вернікаў дыяцэзіі», — сказаў кс. Антоні Грэмза.

Напрыканцы святар заклікаў глыбока асэнсаваць словы Папы Францішка, прысвечаныя Божай міласэрнасці: «Юбілей Міласэрнасці — гэта заклік да евангелізацыі жыцця хрысціян, заклік да таго, каб Касцёл стаў палявым шпіталем, дзе ён лечыць раны (...). Гэты заклік аб вяртанні да Хрыста, які “ніколі не стамляецца прабачыць чалавеку”».

На завяршэнне кс. Антоні Грэмза прачытаў малітву Пантыфіка ў інтэнцыі Святога Года, «каб Юбілей Міласэрнасці быў годам ласкі ад Пана».

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.