Пошук

10.10.2024 08:56   Ганна Шаўчэнка / Catholic.by

У кастрычніцкім нумары часопіса «Ave Maria» (№ 10 (355) 2024) знайшлі адлюстраванне розныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, на які быў надзвычай плённы пачатак сёлетняй восені, да таго ж — надзвычай цёплы.

Адметнае месца ў новым нумары папулярнага каталіцкага штомесячніка займаюць некалькі матэрыялаў, падрыхтаваных з нагоды біскупскага пасвячэння наймалодшага каталіцкага іерарха ў нашай краіне Андрэя Зноскі, якое адбылося 7 верасня ў пінскай катэдры. Гэтай важнай падзеі прысвечаны артыкулы «Ісці за Езусам, Добрым Пастырам…» і «Геральдычнае апісанне герба біскупа Андрэя Зноскі».

Сёлета адзначае 35-годдзе біскупскага пасвячэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З гэтай нагоды чытачам прапануецца ўрывак з яго даўняй гаміліі «Дзе ёсць біскуп — там ёсць Касцёл», у якой пастыр разважае пра цяжкасці біскупскага служэння ў наш час.

У гэтым нумары не абмінулі ўвагаю і кардынала Казіміра Свёнтка: 21 кастрычніка спаўняецца 110 гадоў з дня яго нараджэння. Сведку веры прысвечаны артыкул рэдактара часопіса Крыстыны Лялько «Прыклад яго веры». З гэтай нагоды ў часопісе таксама друкуюцца ўрыўкі з кнігі «Мяне заўсёды ратавала вера», выдадзенай у 2021 годзе. На старонках часопіса змешчаны ўспаміны арцыбіскупа Кандрусевіча («Добры пастыр, які даверыўся Богу»), біскупа Ежы Мазура SVD («Плён яго працы, малітвы і цярпенняў»), айца Аркадзя Куляхі OCD («Незвычайны і незаменны»).

Яшчэ адзін важны юбілей у Касцёле — 800-годдзе з часу артрымання стыгматаў святым Францішкам Асізскім.

З гэтай нагоды цэнтральным стрыжнем праз кастрычніцкі нумар часопіса праходзіць тэма стыгматаў.

Ксёндз Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» разважае над праблемаю: «Стыгматы: Божая ласка ці выпрабаванне?», а паэтка Аксана Данільчыц прапануе пераклад з італьянскай мовы «Разважання першага аб таямніцы святых стыгматаў» — часткі старажытнага твора ХІІІ стагоддзя, прысвечанага святому Францішку. Вершы паэткі Дануты Бічэль «Да святога Францішка» і «Паміж сонцам і часам» — гэта нібы лірычны духоўны дотык да стыгматаў Францішка Асізскага і да напоўненага цудамі жыцця гэтага святога.

Пра стыгматы ў сімвалічным сэнсе, пра сэнс і прычыны чалавечага цярпення пішуць Тэрэса Клімовіч у артыкуле «Схіляючыся перад таямніцаю цярпення», Паліна Грыб у сведчанні «Пазначаныя абяцаннем вернасці», Ганна Шаўчэнка ў разважанні «Абясцэньванне і невымерная цана цярпення».

Акрамя гэтых матэрыялаў, чытачоў кастрычніцкага нумара чакаюць публікацыі пра кансэкрацыю касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах, пра абнародаванне афіцыйнага дакумента адносна аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, артыкулы пастаянных аўтараў часопіса айца Юрыя Кулая OCD у рубрыцы «Школа малітвы», сястры Паўлы Бобэр MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага», а таксама сведчанні веры ад чытачоў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.